Звольнены за палітыку галоўны лекар Максім Ачарэтні: баліць, што я не на радзіме

10/06/2021 - 13:46
Максім Ачарэтні / Еўрарадыё

"Калі мне сказалі, што падаўжаць працоўныя адносіны са мною не будуць, Я, шчыра кажучы, не засмуціўся. З плячэй упаў вялікі груз адказнасці за рэчы, якія мне не падабаліся, а часам былі проста агідныя", расказвае Еўрарадыё беларускі лекар Максім Ачарэтні. Некалькі дзён таму цяпер ужо былы галоўны лекар 3-й гарадской бальніцы Мінска патэлефанаваў у рэдакцыю Еўрарадыё і расказаў, што пераехаў ва Украіну. Цяпер ён працуе ў прыватнай клініцы Odrex у Адэсе.

Максіма звольнілі ў канцы красавіка 2021-га, хоць яго кантракт павінен быў скончыцца ў 2022 годзе. На пытанне "Чаму?" — у камітэце па ахове здароўя, куды яго выклікалі, спыталі, ці падпісваўся Ачарэтні за Бабарыку. Той сказаў, што падпісваўся. На гэтым размова скончылася.

"Адзінае, што тады засмуціла, гэта тое, што мне паведамілі: "Не шукай працу ў дзяржустановах Беларусі, цябе не возьмуць", — успамінае рэаніматолаг, пад чыім кіраўніцтвам былі выратаваны тысячы дзіцячых жыццяў. У інтэрв'ю Еўрарадыё ён расказвае пра сваю ўлюбёную і неўлюбёную працу, палітызаваныя звальненні медыкаў, "уцечку мазгоў" і перспектывы вярнуцца дадому.
 

Праца галоўнага лекара ў Беларусі — спецыфічная

Калі мяне паклікалі на пасаду галоўнага лекара, я, напэўна, не да канца ўяўляў, што перастану быць лекарам і пачну займацца гаспадарчымі справамі. Замест таго каб лячыць людзей, ты становішся самым галоўным у бальніцы прафсаюзнікам і ідэолагам. Але мой мозг заточаны пад іншае: у мяне 20-гадовы прафесійны стаж, я дзесяць гадоў загадваў аддзяленнем анестэзіялогіі і рэаніматалогіі ў дзіцячай інфекцыйнай бальніцы. Гэта былі самыя лепшыя гады маёй працы: лекары — разумнікі, медсёстры — рукастыя і таксама разумніцы, з адміністрацыяй былі заўсёды нармальныя адносіны. Проста цудоўны калектыў!

Прыпісваць сабе чыесьці подзвігі няправільна, праца рэаніматолага — камандная. У сярэднім праз наша аддзяленне праходзіла каля 700 чалавек у год. Калі мяне звольнілі, былыя пацыенты пісалі ў фэйсбуку, што ім шкада і што яны падтрымліваюць мяне. Вядома, было прыемна. 
 

Былі званкі з патрабаваннем звольніць

У час пратэстаў папаліся дзве нашы медсёстры і адзін лекар. Мне тэлефанавалі зверху і патрабавалі звольніць. Вы разумееце, не паперкі з подпісам, а званкі, і нават не па мабільным тэлефоне — каб я не змог запісаць размову. Я разумеў, што трэба ратаваць людзей: пісаў хадайніцтвы, добрыя характарыстыкі. А як я магу напісаць на чалавека дрэнную характарыстыку, калі ён добра працуе? Якія ў мяне да яго пытанні?

Я не ўдзельнічаў у пратэстах, але адчуваў пачуццё гонару за тое, што медыкі такія актыўныя. Малайцы. Па хлопцах, якія пападаліся, пачыналіся пытанні. Мяне таксама "білі па галаве": "Куды ты глядзіш? Лекары павінны стаяць у аперацыйнай, чаму яны стаяць на вуліцах са сцягамі?" У працоўны час лекар павінен працаваць, ён не мае права баставаць. Таму паўнавартаснай забастоўкі лекараў у Беларусі не было.

Лекары каля медыцынскага ўніверсітэта ў Мінску / Еўрарадыё
Медыкі супраць гвалту / Еўрарадыё

Даводзілася людзей прыкрываць. Дамаўляліся, маўляў, хлопцы, вы выходзьце, але, каб усім было добра, пікетуйце пасля працы. 

Раней медыкі з'язджалі па грошы, цяпер — таму што не даюць працаваць

Спецыялісты, якія з'язджаюць з Беларусі, пераследуюць розныя мэты. Раней у асноўным з'язджалі па грошы. Прафесія лекара добра аплачваецца на Захадзе. У мяне шмат было падначаленых, якія скончылі ўніверсітэты, потым год-два інтэнсіўна вывучалі мовы, шукалі працу, здавалі экзамены — і пераязджалі.

Цяпер абставіны змяніліся. У медыцынскіх чатах пішуць, што людзей звальняюць. Пад гэта трапіў і я. Трэба неяк карміць сям'ю. А як ты яе пракорміш, калі цябе не бяруць на працу? Акрамя таго, магу выказаць здагадку (гэта толькі маё меркаванне), што існуе нейкі таемны спіс лекараў, куды ўпісаны асобы, якіх нельга браць на працу ў дзяржустановы.

 

Палітызаваныя звальненні трэба спыняць

Думаю, што звальненняў будзе яшчэ шмат. Наколькі мне вядома, сталі вышукваць не толькі кіраўнікоў устаноў аховы здароўя, але і звычайных лекараў, якія з пункту гледжання дзейнай улады няправільна сябе паводзяць. Я ведаю, што з некаторымі маімі калегамі ўжо праводзіліся гутаркі і іх папярэдзілі, што працягваць працоўныя адносіны з імі не будуць.

Напэўна, каб людзі не ад'язджалі, трэба спыняць палітызаваныя звальненні. Гэта датычыцца не толькі медыкаў. Можна сказаць, што нам менш за ўсё дасталося, таму што лекар можа знайсці працу за мяжой. 
 

Я хачу працаваць у Беларусі

Мне баліць тое, што я не на радзіме. Я хачу працаваць у Беларусі, але, на жаль, у мяне няма магчымасці. Як толькі з'явіцца магчымасць, я адразу прыеду, у той жа дзень. Але калісьці даўно Лукашэнка папярэдзіў: раз вы выехалі, то працы тут не чакайце. Калі б у мяне была магчымасць пагаварыць з ім, я б сказаў так:

"Трэба і меру ведаць. Ёсць шмат маладых, талковых, заўзятых, актыўных. Павінна быць змяняльнасць улады, інакш усё гэта ператвараецца ў татальную карупцыю. На жаль, верхавіна гэтай карупцыі — гэта вы, можа быць, пра гэта не падазраючы".

Пратэст медыкаў каля Мінздароўя ў Мінску / Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі