ЗША будуць прадаваць нафту са сваіх рэзерваў. Чым гэта можа абярнуцца

25/11/2021 - 14:13
ЗША будуць прадаваць нафту са сваіх рэзерваў / pixabay.com

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у аўторак 24 лістапада заявіў, што Амерыка прадасць 50 мільёнаў барэляў нафты са стратэгічнага нафтавага рэзерву. Кітай, Японія, Індыя, Паўднёвая Карэя і Вялікабрытанія падтрымалі гэтыя намеры і таксама могуць прадаць некаторую частку сваіх нафтавых рэзерваў. Такі крок найбуйнейшыя сусветныя спажыўцы сыравіны тлумачаць неабходнасцю знізіць цэны на нафту, якія за апошні час адчувальна выраслі і прывялі да росту інфляцыі. Еўрарадыё спытала ў экспертаў, да чаго могуць прывесці заяўленыя дзеянні з боку ЗША і іншых краін і ці адаб'ецца гэта неяк на кашальках звычайных людзей. 

“Гэта па сутнасці слоўная інтэрвенцыя, якая, падобна, сваіх мэт не дасягнула і наўрад ці дасягне”

Старэйшы аналітык "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб лічыць, што гэта заява не пагражае наогул нічым. Ні з пункту гледжання змены коштаў на паліва, ні з пункту гледжання курсаў валют.

— Гэта па сутнасці слоўная інтэрвенцыя, якая, падобна, сваіх мэт не дасягнула і наўрад ці дасягне, — кажа ён. — Наогул размовы пра тое, што ЗША гатовыя распячатаць свой стратэгічны рэзерв нафты, з'явіліся ў канцы мінулага тыдня — у пятніцу. Мэта гэтага — павялічыць прапанову нафты на рынку і адпаведна знізіць яе кошт. Для Амерыкі гэта балючае пытанне. Там па выніках кастрычніка інфляцыя перавысіла 6,2% у гадавым выражэнні. Гэта рэкордная інфляцыя ў ЗША з 1990 года. І вялікую ролю ў росце індэкса спажывецкіх цэн гуляе цана на паліва. ЗША заклапаціліся гэтым, зразумелі: нешта можна паспрабаваць зрабіць, абмеркавалі з партнёрамі, вырашылі, маўляў, давайце створым дадатковую прапанову нафты на рынку са стратэгічных рэзерваў.

Як адзначае эксперт, калі з'явіліся размовы пра гэта ў мінулую пятніцу, то цана нафты за барэль маркі Brent знізілася з 81 долара да 77,5. Але калі гэтыя размовы рэалізаваліся, то-бок 23 лістапада, калі адпаведны прэс-рэліз з'явіўся на сайце Белага дому, рынак вырашыў згуляць супраць Злучаных Штатаў, супраць іх таварнай і вербальнай інтэрвенцыі — і кошт хутка вярнуўся вышэй за 81 долар за барэль. Вышэй за той узровень, з якога ў пятніцу ўпаў.

— Вялікага ўплыву гэтыя інтэрвенцыі на нафтавы рынак не акажуць. ЗША збіраюцца прадаць з рэзерваў 50 мільёнаў барэляў. Да гэтага згодныя далучыцца Кітай, Японія, Паўднёвая Карэя, Вялікабрытанія, Індыя. У суме можа быць прададзена 70-80 мільёнаў барэляў. Плануюць яны вось гэты продаж з рэзерваў на 2-3 месяцы. То-бок у лепшым выпадку гэта будзе продаж аднаго мільёна барэляў на дзень. Сусветны рынак нафты — гэта каля 100 мільёнаў барэляў на дзень, — тлумачыць Вадзім Іосуб. — Гэта пацверджанне старой ісціны, што маніпуляваць рынкам складана, практычна немагчыма. Нават досыць буйным гульцам. І ЗША, нават заручыўшыся ў гэтым пытанні падтрымкай яшчэ шэрага краін з пануючай тэндэнцыяй на рынку, наўрад ці нешта могуць зрабіць.

Таксама эксперт дадаў, што зараз існуе дастаткова ўстойлівы попыт на нафту на фоне аднаўлення эканомік пасля лакдаўна. Акрамя таго, ёсць пэўныя складанасці з лагістыкай. І вось гэтых намаганняў ЗША недастаткова для таго, каб сур'ёзна паўплываць на сусветныя кошты нафты. 

“Гэта часовае рашэнне, яно можа спрацаваць на нейкі перыяд у бок зніжэння”

Анастасія Лузгіна, кандыдатка эканамічных навук і экспертка BEROC (Кіеў), кажа, што сукупнае вызваленне рэзерваў нафты са стратэгічных запасаў краін буйных імпарцёраў, хутчэй за ўсё, можа садзейнічаць зніжэнню коштаў на нейкі перыяд часу, але не такое вялікае, як чакалася.

— ЗША пачынаюць рэалізацыю 50 мільёнаў барэляў нафты на працягу некалькіх бліжэйшых месяцаў. Ні для кога не сакрэт, што цяпер цэны на энергарэсурсы трымаюцца на высокім узроўні. І на нафту, і на той жа газ. Вызваляючы рэзервы, ЗША плануюць, што гэта саб'е кошт нафту.

Аднак каціроўкі на яе пасля заявы Байдэна не знізіліся, а наадварот — некалькі павялічыліся: выраслі на пару долараў. На думку аналітыкаў Goldman Sachs, рынку трэба мінімум 100 мільёнаў дадатковых барэляў нафты для таго, каб кошты стабілізаваліся або пайшлі ўніз, — адзначае экспертка.

pixabay.com

У той жа час яна дадала, што рабіць нейкія высновы да прыняцця пастановы аб рэалізацыі часткі стратэгічных запасаў нафты іншымі краінамі — буйнымі імпарцёрамі — яшчэ рана.

"Пакуль мы бачым, што на гэты крок акрамя Злучаных Штатаў вырашылася Японія і заявіла Індыя. Цалкам магчыма, што станоўчы эфект зніжэння коштаў будзе дасягнуты, калі да ініцыятывы ЗША афіцыйна далучыцца большасць асноўных краін-імпарцёраў нафты".

— Чаму такая сітуацыя наогул склалася ў свеце. Дзяржавы АПЕК+ нарошчваюць здабычу нафты, але вельмі паступова. ЗША дабіваюцца, каб гэты аб'ём быў больш істотны. Але пакуль перамовы ні да чога не прывялі. Таму што некаторыя краіны-пастаўшчыкі нафты мяркуюць, што ўжо ў наступным годзе мы будзем назіраць прафіцыт нафты і кошты пойдуць уніз, — тлумачыць экспертка. — Зараз яны высокія з-за аднаўлення многіх эканомік свету пасля жорсткіх лакдаўнаў падчас пандэміі. Попыт рэзка ўзрос. У 2020 годзе мы бачылі спад, эканомікі ўваходзілі ў лакдаўн, прадпрыемствы цалкам альбо часткова спынялі працу, і попыт на рэсурсы, адпаведна, знізіўся.

У бягучым годзе мала таго што эканомікі запрацавалі, дык яшчэ і ўтварыўся адкладзены попыт на тыя тавары і паслугі, якіх "недавырабілі" ў 2020 годзе. Актыўнае развіццё справакавала рост патрэбнасці ў энергарэсурсах. Пераход на альтэрнатыўныя крыніцы энергіі хоць актыўна і абмяркоўваецца, але не адбываецца хутка.

Калі разгледзець сітуацыю ў бліжэйшай перспектыве, то ўжо цяпер некаторыя дзяржавы зноў пачынаюць ўводзіць пэўныя абмежаванні з-за росту захворвання. Цалкам магчыма, што ў выніку пагаршэння эпідэміялагічнай абстаноўкі і ўвядзення частковых абмежаванняў, якія будуць спрыяць запаволенню дзелавой актыўнасці, попыт на нафту злёгку знізіцца.

— Па прагнозах аналітыкаў, істотнага зніжэння цэн на нафту ў наступным годзе не прадбачыцца, — дзеліцца Лузгіна. — Але і значнага росту большасць не бачыць. Яны застануцца на ўзроўні 80 долараў за барэль. Напрыклад, Еўрапейская камісія прагназуе, што сярэдні кошт нафты маркі Brend за барэль у 2022 годзе складзе $78,9. У той жа час Bank of America заяўляў, што на фоне высокага попыту кошты нафты могуць дасягнуць мяжы ў 120 долараў за барэль да канца чэрвеня 2022 года.

Як выснова, можна сцвярджаць: тое, што ЗША, Японія і іншыя краіны рэалізуюць частку сваіх запасаў, магчыма, стабілізуе рынак нафты. Але гэта часовае рашэнне, якое спрацуе ў бок зніжэння коштаў. Аднак у сярэднетэрміновай перспектыве ўсё будзе залежаць ад рашэння АПЕК+ па нарошчванні/скарачэнні здабычы нафты, а таксама ад дынамікі попыту на энергарэсурсы на сусветным рынку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі