У канала TrashSmash 190 тысяч падпісчыкаў, а колькасць праглядаў навукова-папулярных шоў дасягае 600 тысяч.
Нумар пяць расійскага спісу Форбс Алішэр Усманаў вырашыў звярнуцца да свайго апанента Аляксея Навальнага не праз традыцыйныя сродкі масавай інфармацыі, а з дапамогай канала Youtube. Адно гэта кажа пра тое, што новыя медыя занялі трывалае становішча ў сучаснай рускамоўнай медыяпрасторы. Паводле дадзеных кампаніі Youtube, каля траціны ўсіх карыстальнікаў інтэрнэту (больш за мільярд чалавек) штодня праглядаюць сотні мільёнаў гадзін онлайн-відэа. Прырост праглядаў на Youtube у Расіі ў 2016 годзе склаў 50%.
Онлайн-відэа дало магчымасць істотна разнастаіць тэмы і жанры, якія цікавыя карыстальнікам. У прыватнасці, вялікі рост адбыўся ў сферы адукацыйнага відэа, стандарты якога не мяняліся з пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя. На сённяшні дзень e-learning-індустрыя зарабляе звыш $100 млрд у год. Па дадзеных Google, 57% людзей ва ўзросце 16-34 гадоў кажуць, што відэаролікі ― адна з асноўных крыніц, дзе яны чэрпаюць інфармацыю.
Рускамоўны сектар Youtube таксама прапануе сваім карыстальнікам разнастайны адукацыйны кантэнт, у тым ліку відэаблогі, якія здымаюць вельмі таленавітыя маладыя людзі. Напрыклад, youtube-канал TrashSmash здымае мінчук Валянцін Конан. На сённяшні дзень у канала 190 тысяч падпісчыкаў, а колькасць праглядаў навукова-папулярных шоў, якія здымае Конан, дасягае 600 тысяч. "Канёк" канала ― крытыка грамадскіх навукападобных стэрэатыпаў, напрыклад, пра смяротнае пакаранне або гамафобію.
"У мяне было перадузятае стаўленне да смяротнага пакарання і гомасексуальнасці. Майго дзядзьку, супрацоўніка міліцыі, застрэлілі падчас выканання задання, ― распавядае аўтар канала TrashSmash Валянцін Конан. ― У кожным з нас ёсць нешта варварскае, што прымушае нас падтрымліваць прынцыпы накшталт "вока за вока". Але калі ў працэсе падрыхтоўкі да здымак я пачаў вывучаць навуковыя матэрыялы, маё меркаванне змянілася. Свецкі гуманізм, на якім пабудаваная большасць цяперашніх грамадстваў, мае на ўвазе адмову ад смяротнай кары".
Відэаблогінг як у рускамоўным сектары інтэрнэту, так і па ўсім свеце развіваецца лавінападобна. На сённяшні дзень у Youtube больш за сто рускамоўных блогераў, чыя аўдыторыя пераваліла за мільён. Карыстальнікам цікавае меркаванне, якое выказвае той ці іншы блогер, у іх ёсць магчымасць задаць аўтару пытанне ў каментарыях, выказацца, абвінаваціць у хлусні, паставіць лайк або дызлайк. Палітолаг Кацярына Шульман называе гэты феномен "новай празрыстасцю": інфармацыя дастаецца і распаўсюджваецца імгненна. І ў сілу гэтай празрыстасці важным рэсурсам для блогераў становіцца давер гледачоў і, такім чынам, паўстае пытанне аб рэпутацыі блогераў. Што ў сваю чаргу прымушае саміх блогераў сачыць за рэпутацыяй адно аднаго. Гэта неміласэрнае высокаканкурэнтнае асяроддзе, дзе кожны сам за сябе і змагаецца за свайго гледача, а абмеркаванне рэпутацыі канкурэнта становіцца элементам шоў.
Часам рэпутацыйныя войны разгортваюцца вакол палітычных падзей. 26 сакавіка гэтага года стэндап-комік Даніла Папярэчны (937 тысяч падпісчыкаў) падтрымаў акцыі пратэсту супраць карупцыі, арганізаваныя Аляксеем Навальным. У сваім роліку ён як бы абараняў сваіх калег па індустрыі забаў, кажучы, што гледачы павінны зразумець сваіх любімцаў і не патрабаваць ад іх адкрытага агучвання сваёй палітычнай пазыцыі. Праз два дні на гэты выклік адгукнуўся блогер Мікалай Собалеў (2,9 мільёна падпісчыкаў) і таксама падтрымаў Навальнага. У агульнай складанасці гэтую гісторыю паглядзелі тры з паловай мільёны гледачоў.
Спецыяльнай пільнай увагай гледачоў і блогераў карыстаюцца праекты, якія альбо падазраюць у дачыненні да Крамля, альбо прама абвінавачваюць у садзейнічанні ўладам. Пасля таго як 15 траўня былая салістка "Ленінграда" Аліса Вокс выклала кліп "Малыш", блогеры за лічаныя гадзіны раскапалі, хто і за колькі замовіў гэтую песню.
Зрэшты, аўтар канала Kamikadzedead Дзмітрый Іваноў лічыць, што ад вялікіх непрыемнасцяў блогера ратуе кароткая памяць інтэрнэту: "Тут навіна жывая адзін дзень. А на наступны дзень яна ўжо сышла з трэндаў, яна ўжо нецікавая большасці ". І таму, які б промах ні зрабіў блогер, на наступны дзень пра яго забудуць.
Палітычны ўплыў відэаблогераў стаў бачны, калі 26 сакавіка 2017 года гледачы відэароліка "Ён вам не Дзімон", які падрыхтаваў Фонд барацьбы з карупцыяй, выйшлі на вуліцу. І гэтая акцыя стала самай масавай расійскай несанкцыянаванай акцыяй з дзевяностых гадоў. Палітыкі, якія да нядаўняга часу ігнаравалі youtube, у тэрміновым парадку заняліся пытаннем "хто такія відэаблогеры і што з імі рабіць". Менавіта таму блогер Саша Спілберг раптам атрымала запрашэнне выступіць у Дзярждуме, людзі, якія ўваходзяць у адміністрацыю прэзідэнта, пачалі прадзюсаваць відэакліпы, а ўладальнік медыягрупы Life Арам Габралянаў заняўся субсідаваннем відэаблога "Дружко-шоу".
Аўдыторыю ў 22 мільёны карыстальнікаў, а менавіта столькі праглядаў набраў ролік "Ён вам не Дзімон", улады праігнараваць не могуць, але, падобна, слаба ўяўляюць сабе, што з ёй рабіць.
"Ім здаецца, што гэта нейкі дадатковы інструмент піяру, як у дзевяностыя былі ўлёткі, а цяпер будуць ролікі. Наколькі гэта дрэнна працуе, бачна на гаротных прыкладах ролікаў пра Навальнага, які Гітлер, і таксама гэтай злашчаснай песні таксама пра Навальнага. Такім чынам, у іх пакуль не атрымоўваецца намацаць, якім менавіта чынам працаваць з гэтым інструментам. З ім нельга ніяк працаваць, калі ўсведамляць яго як інструмент. Калі ўсведамляць гэтае асяроддзе як акіян, то можна навучыцца неяк у ім плаваць", ― лічыць палітолаг і відэаблогер Кацярына Шульман.
У адрозненне ад уладаў, апазіцыя разумее, у які бок трэба рухаць карыстальнікаў з тым, каб атрымаць яшчэ большы ўплыў. 5 чэрвеня Аляксей Навальны абвясціў конкурс на лепшы палітычны відэаблог. Арганізатары конкурсу разлічваюць істотна пашырыць плынь інфармацыі з рэгіёнаў, і такім чынам пацясніць тэлепавестку.
Аўтар: Жэня Снежкіна, Віктар Малішэўскі