Знялі патрабаванне для кіраўнікоў сістэмы адукацыі валодаць беларускай мовай

25/07/2023 - 17:52
Беларуская мова ў РБ / Ілюстрацыйнае фота sb.by

У Беларусі скарэктавалі закон "Аб мовах". Права на атрыманне адукацыі на беларускай і (або) рускай мовах зафіксавалі для сістэм навукова-арыентаванай адукацыі і дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі. Артыкул "Права на выхаванне і атрыманне адукацыі на нацыянальнай мове" цяпер называецца "Права на атрыманне адукацыі на дзяржаўных мовах Рэспублікі Беларусь". Вучыцца на мовах нацыянальных мяншыняў ужо нельга, дазваляецца толькі вывучэнне іх роднай мовы і літаратуры ў асобных групах і класах паводле рашэння мясцовых органаў улады, узгодненым з Мінадукацыі, паведамляе Радыё Свабода.

Знята патрабаванне для кіраўнікоў сістэмы адукацыі валодаць беларускай мовай. Цяпер яно дзейнічае толькі для педагагічных работнікаў. Знік абзац, які рэгламентаваў механізм выбару мовы навучання ў пэўнай установе адукацыі.

Таксама змены ў законе датычаць афармлення дакументаў беларусаў і судаводства. Згодна з унесенымі зменамі, звычайны і біяметрычны пашпарты, ID, біяметрычны дыпламатычны і службовы пашпарты выдаюцца на беларускай, рускай і англійскай мовах. Раней замест апошняй былі пазначаныя "іншыя мовы". Судаводства і адміністрацыйныя працэсы можна весці на беларускай і (або) рускай мовах. Раней было размежаванне: на беларускай або рускай мовах.

Змены пачынаюць дзейнічаць пасля афіцыйнага апублікавання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі