Змены ў закон аб экстрэмізме. За што пакараюць, а за што не

27/04/2016 - 13:41

Змены ў закон "Аб экстрэмізме" ўступаюць у сілу 1 траўня. Коратка пра сам закон Еўрарадыё ўжо пісала, пачытаць можна вось тут. Зараз разбяром канкрэтныя сітуацыі.

 

Сітуацыя 1. Знайшоў у сябе дома дыск з канцэртам "Салідарныя з Беларуссю", мяне арыштуюць?

Не, не арыштуюць. Па-першае, за захоўванне матэрыялаў з Рэспубліканскага спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў арышт не прадугледжваецца — толькі штраф. Прыватным асобам — да 50 базавых, юрыдычным — нават да 500. Па-другое, караць будуць не проста за захоўванне, а за захоўванне з мэтай распаўсюду. Юрысты тлумачаць, што тут прыкладна як з наркотыкамі. То бок вырашальным фактарам з'яўляецца колькасць асобнікаў падазроных матэрыялаў.

 

Сітуацыя 2. Нейкім чынам у мяне дома знайшлося дзесяць кампактаў з канцэртам "Салідарныя з Беларуссю". Што рабіць?

Па-першае, не панікаваць. Па-другое, вырашыць, ці насамрэч яны вам патрэбныя ў такой колькасці, і калі не, то хутка і без лішняга шуму некаму іх раздаць. Бо калі раптам нехта захоча вас прыцягнуць да адказнасці за гэтыя дыскі, пераканаць суддзю, што ўсё гэта выключна для ўласнага карыстання, будзе вельмі няпроста.

 

Сітуацыя 3. У мяне дома (на працы, дачы, у гаражы) быў ператрус, і міліцыя знайшла 10 кампактаў з запісам канцэрта "Салідарныя з Беларуссю". Што рабіць?

Па-першае, маўчаць. Па-другое, званіць свайму адвакату (калі няма, то падпісаць з ім дамову). Па-трэцяе, шукаць грошы, бо адвакаты ў Беларусі дапамагаюць даказаць сваю невінаватасць зусім не часта. Колькі спатрэбіцца грошай, залежыць ад таго, хто вы і чым займаецеся. Калі шараговы грамадзянін, то штраф за захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў з Рэспубліканскага спіса будзе не большым за 50 базавых. Калі іпэшнік і крыху падгандлёўвалі забароненым, то да 100. А калі у вас свая фірма і скрынку з дыскамі знайшлі на офісе, то можна пабяднець адразу на 500 базавых велічынь.

Сітуацыя 4. Дыска з канцэртам "Салідарныя з Беларуссю" ў мяне няма. Але ёсць шмат розных кніг і ўлётак са "змагарскага" юнацтва. Як даведацца, ці могуць там быць матэрыялы з "экстрэмісцкага" спіса?

Пачытаць вось гэты матэрыял Еўрарадыё з загалоўкам "Спіс матэрыялаў, прызнаных экстрэмісцкімі ў Беларусі". Спіс складаецца паводле рашэнняў, вынесеных судамі розных узроўняў па ўсёй Беларусі. Часцей за ўсё экстрэмізм знаходзяць у друкаваных выданнях, якія нехта вязе ў краіну з-за мяжы. Але ёсць у ім і зусім незразумелыя рэчы. Напрыклад, маркі з выявай Адольфа Гітлера, манеты Трэцяга Рэйха, альбо "нагрудны знак шэрага колеру". Асцярожнымі трэба быць таксама аматарам фатаграфіі, бо ў спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў ёсць альбом "Прэс фота Беларусі 2011". Калі маеце больш за адзін асобнік, то самы час падарыць іх некаму.

 

Сітуацыя 5. Я прыйшоў на акцыю пратэсту да Дома ўрада. Нас было трыццаць чалавек, мы крычалі "Нешта не так!" ля помніка Леніну. Па новым законе гэта ўжо экстрэмізм?

Хутчэй за ўсё не. Рэч у тым, што змены ў законе экстрэмізмам называюць "перашкоды законнай дзейнасці дзяржаўных установаў... і службовых асобаў". Ці можа перашкаджаць высокім чыноўнікам выконваць свае службовыя абавязкі група з 30 дэманстрантаў, якіх з будынка Дома ўрада нават не чуваць, — пытанне адкрытае. Але такія дзеянні скончацца хіба што складаннем пратаколаў і штрафамі за правядзенне несанкцыянаванай акцыі.

 

Сітуацыя 6. Я прыйшоў на акцыю пратэсту да Дома ўрада. Нас было трыццаць тысяч чалавек, мы крычалі "Нешта не так!" ля помніка Леніну. А потым на суткі заблакавалі ўсе ўваходы і выхады з будынка. Што са мной зробяць?

Калі ў выніку вашых дзеянняў у краіне не змянілася ўлада і законы, то вас хутчэй за ўсё пасадзяць у турму за экстрэмізм (калі знойдуць). Бо гэта ўжо дакладна падпадае пад вызначэнне "перашкода законнай дзейнасці дзяржаўных органаў". Тэрмін залежыць ад мноства акалічнасцяў і вызначаецца падчас следства і на судзе. У 2010 годзе дзеянні пратэстоўцаў на плошчы Незалежнасці суды называлі "масавымі беспарадкамі". Пасля 1 траўня 2016 года разбітае шкло ў дзвярах Дома ўрада і патаптаныя ля яго кусты ўжо могуць стаць экстрэмізмам.

 

Сітуацыя 7. Я быў назіральнікам на выбарах, заўважыў парушэнні, пачаў іх здымаць на відэа і ўвогуле ўчыніў вялікі скандал. Гэта цяпер таксама экстрэмізм?

Цяжка сказаць. Але ў зменах да закона ёсць словы, якія тлумачаць, што экстрэмізмам можна лічыць "перашкоды законнай дзейнасці дзяржаўных органаў, у тым ліку Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, выбарчых камісій, камісій па рэферэндуме або камісій па правядзенні галасавання аб адклiканнi дэпутата". То бок фактычна ўчынены вамі на выбарчым участку скандал пры жаданні можна назваць экстрэмізмам. Так што лепш паводзіць сябе цішэй.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі