"Жарт" пра траціл у мінскім аэрапорце каштаваў расіянцы 260 долараў

04/08/2016 - 17:36

Расіянку Марыю Рымар, затрыманую ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск" за "жартаўлівае" паведамленне пра траціл, аштрафавалі на 525 беларускіх рублёў (25 базавых велічыняў, або трошку больш за 260 долараў). Такое рашэнне, як перадае БелаПАН, прыняў 4 жніўня суд Кастрычніцкага раёна Мінска.

У гэты дзень прайшло чацвёртае пасяджэнне па справе. Рымар заявіла, што міліцыянты пры затрыманні не назваліся і не патлумачылі прычыны затрымання. Яна лічыць, што яны парушылі заканадаўства, бо не зачыталі яе правы і абавязкі. Жанчына патлумачыла, што дзейнічала з мэтай самаабароны, калі выкручвалася ад супрацоўніка міліцыі, які спрабаваў забраць у яе пашпарт і заломваў руку.

Адвакат Вадзім Мушынскі звярнуў увагу, што ў судзе былі выяўленыя "не зусім правільныя паводзіны з боку супрацоўнікаў міліцыі пры складанні адміністрацыйнага пратакола". Ён адзначыў, што кожны міліцыянт павінен назваць падставы для абмежавання правоў і свабодаў грамадзян.

Суд, аднак, не прыняў гэтыя довады да ўвагі. З улікам таго, што Рымар мае дваіх малалетніх дзяцей, яе аштрафавалі на палову максімальнага штрафу — толькі на 25 базавых велічыняў.

Пасля пасяджэння Рымар заявіла, што будзе абскарджваць рашэнне. Па яе словах, папярэдняе следства па крымінальнай справе працягваецца. Тэрмін яго заканчэння праваахоўныя органы не паведамляюць.

Як паведамлялася раней, юрыст грамадскага ЛГБТ-руху "Аверс" з Самары Марыя Рымарь ляцела з Кіева ў Маскву транзітам праз Беларусь. У Нацыянальным аэрапорце "Мінск" 7 ліпеня яе затрымалі пасля няўдалага "жарту" пра траціл у сумцы. На жанчыну пачалі крымінальную справу за ілжывае паведамленне пра небяспеку, а таксама адміністрацыйную справу за непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. Да 18 ліпеня яе трымалі ў СІЗА ў Мінску і Жодзіна, а потым выпусцілі пад заклад у 2500 "новых" рублёў. На ўвесь час следства і разгляду справы ў судзе Рымар не мае права пакідаць тэрыторыю Беларусі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі