Жаночая зборная Польшчы па футболе не будзе байкатаваць матчы з Беларуссю ў Лізе нацый

06/11/2026 - 14:07

Футбалісткі зборнай Польшчы / PZPN

Жаночая зборная Польшчы па футболе сыграе з Беларуссю ў Лізе нацый, нягледзячы на ранейшыя заявы польскай федэрацыі футбола (PZPN) пра байкот матчаў з расійскімі і беларускімі камандамі. Пра гэта паведамляе Sport.pl са спасылкай на польскую федэрацыю.

Жараб'ёўка адбылася 3 лістапада. Акрамя Беларусі, у групу Польшчы ўвайшлі Фінляндыя і Паўночная Ірландыя.

Галоўны трэнер зборнай Ніна Паталон заявіла: "Прымаючы пад увагу захаванне спартыўнага характару ў групе, мы таксама выйдзем на матч з Беларуссю".

Паводле выдання, у PZPN спачатку спрабавалі дамовіцца з фінскай федэрацыяй пра сумесны байкот. Фіны адказалі, што сыграюць з Беларуссю ў звычайным рэжыме.

Пасля гэтага кіраўніцтва PZPN спытала меркаванне Паталон, ці можа каманда аддаць сапернікам шэсць ачкоў тэхнічнымі паражэннямі. Па словах трэнера, гэтага нельга рабіць, калі зборная хоча выйсці ў дывізіён А.

Пераможца групы выходзіць у дывізіён А наўпрост. Другая каманда гуляе стыкавыя матчы, трэцяя змагаецца за захаванне месца, чацвёртая вылятае. Ліга нацый у жаночым футболе адначасова служыць кваліфікацыяй да чэмпіянату свету і чэмпіянату Еўропы.

Паталон заявіла: "Я павінна клапаціцца пра іх будучыню, а іх будучыня будзе значна лепшай, калі мы выйдзем на бліжэйшы чэмпіянат Еўропы".

Журналіст Sport.pl прыводзіць у якасці аргументу "за" тое, што выступленне ў дывізіёне А ўжо двойчы давала Польшчы права гуляць у стыкавых матчах. Першы раз гэта дазволіла камандзе выйсці на Еўра ў Швейцарыі. Цяпер зборная чакае двухматчавага супрацьстаяння з Ірландыяй за выхад на чэмпіянат свету ў Бразіліі.

Нагадаем, у кастрычніку прэзідэнт PZPN Цэзары Кулеша заявіў, што Польшча адмовіцца гуляць з Расіяй або Беларуссю на чэмпіянаце свету сярод каманд да 15 гадоў. ФІФА дапусціла абедзве краіны да гэтага турніру. На ім польская каманда з імі не сустрэлася.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі