Жанчына з фота пасярод Свіслачы расказала, што яна там рабіла

19/10/2016 - 10:48

Вечарам у аўторак 18 кастрычніка ў сацсетках з'явілася незвычайнае фота ― саліднага выгляду жанчына ў чорным касцюме плыве на дошцы для сёрфінга пасярод Свіслачы, насупраць Парка Купалы. Здымак імгненна разлятаецца па інтэрнэту, яго публікуюць некаторыя сайты.

"Што гэта такое?" ― пытаюцца адны. "Вар'ятка!" ― адказваюць іншыя. Але ў захапленні ад незвычайнага відовішча ўсе.

Еўрарадыё дазванілася да Алены Шэўчык (так завуць гераіню на фота), калі тая акурат удзельнічала ў чарговым заплыве. "Ой, я цяпер на вадзе, перазваніце мне хаця б праз гадзінку", ― просіць яна.

Праз гадзіну расказвае, што здымак быў зроблены не 18 кастрычніка, а на самым пачатку месяца ― 2-га чысла. "Я была тады не адна, як гэта можна зразумець са здымка. Проста так у кадр трапіла. Нас было дзесяць чалавек тады, мы акурат закрывалі сезон", ― расказвае Алена.

Алена жыве ў Мінску, цяпер — у дэкрэтным адпачынку. Па прафесіі яна швачка. "Убачыла пост "Укантакце", перапосціла. Адзін знаёмы ўбачыў, набыў сабе дошку і я неяк таксама ўцягнулася. Вось сёлета набыла сабе дошку", ― расказвае Еўрарадыё Алена Шэўчык.

Па яе словах, займацца не самым пакуль папулярным у Беларусі сап-сёрфінгам вельмі проста ― дастаткова нават не прафесійнай карбонавай, а надзіманай дошкі, якая змяшчаецца ў невялікім заплечніку. У нашай краіне ўжо праходзяць нават спаборніцтвы, ёсць актывісты, невялікая супольнасць і сайт, прысвечаны сап-сёрфінгу.

"Я спадзяюся, што ў наступным годзе сап-сёрфінг стане яшчэ больш папулярным. Думаю, не адны спаборніцтвы пройдуць... Шмат хто нават ёгай на дошках займаецца. Мы ў Пецярбург ездзім на фестывалі. Сёлета там 170 дошак на вадзе было адначасова", ― расказвае Алена.

Сап-сёрферы на Свіслачы.

Па словах Алены, з беларускімі ўладамі ў сап-сёрфераў пакуль няма праблем, але і дапамогі таксама няма. Актывісты гэтага віду спорту спадзяюцца, што ў будучыні ў іх атрымаецца альбо арганізаваць сваю федэрацыю, альбо далучыцца да ужо існуючых.

"Пастараюся выкарыстаць папулярнасць гэтага фота. Ужо стварыла "Укантакце" групу "Адважная мінчанка", буду туды посціць усе навіны і інфармацыю пра кошты на абсталяванне, неабходныя кантакты", ― кажа Алена. І дадае, што звычайна спускаецца на ваду ў ратавальнай камізльцы. Так што здымак без яе ― хутчэй, выключэнне.

Што такое сап-сёрфінг.

Сап-сёрфінг ― асаблівы від катання на дошцы па вадзе, які не патрабуе хваляў, катацца можна па азёрах і рэках. Спартсмен, які стаіць на дошцы, адштурхоўваецца вяслом. Сап-сёрфінг літаральна азначае "веславанне стоячы". Сап-серферы ў асноўным выкарыстоўваюць надзіманыя дошкі. Яны зручныя тым, што іх можна скласці і ўзяць з сабой.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі