Землятрус пад Марыупалем не пацягнуў за сабой ахвяраў і разбурэнняў

07/08/2016 - 11:59

Землятрус на мяжы Украіны з Расіяй, эпіцэнтр якога быў пад Марыупалем, не пацягнуў за сабой ахвяраў і разбурэнняў, паведамляе УНІАН са спасылкай на прэс-службу ўкраінскай Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях. Астатнія абставіны гэтага здарэння высвятляюцца.

Як паведамлялася раней, землятрус каля Марыупаля магнітудай 4,6 бала здарыўся 7 жніўня ў 11.15 паводле мясцовага часу. Карыстальнікі сацыяльных сетак паведамлялі, што адчувалі штуршкі і іх дамы трэсліся. Эпіцэнтр землятрусу быў на глыбіні 10 кіламетраў.

Адзначым, што ўсходнія рэгіёны Украіны не ўваходзяць у зону надзвычайнай сейсмічнай актыўнасці і там магчымыя землятрусы максімум да 7 балаў па шкале Рыхтара. Найбольшая небяспека пагражае Карпацкаму рэгіёну, каля мяжы з Румыніяй — гэта так званая зона Уранча, дзе могуць здарацца землятрусы максімальнай магутнасці.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі