У Мінску затрымалі індывідуальнага прадпрымальніка, які спрабаваў даць хабар работніку транспартнай інспекцыі — 500 долараў. Здарэнне адбылося на аўтадарозе каля мікрараёна "Сокал". Фура перавозіла груз металу (27 тон чорнага і 307 кг каляровага), дакументаў на які ў кіроўцы з Магілёва не было.
Фуру суправаджаў 31-гадовы прадпрымальнік на грузавіку. У яго таксама не было дакументаў на груз. Мужчына хацеў "вырашыць праблему" з дапамогай валюты. Аднак супрацоўнікі транспартнай інспекцыі паведамілі пра намер даць ім хабар у аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. У выніку, пасля перадачы долараў індывідуальнага прадпрымальніка затрымалі, інфармуе прэс-служба мінскай міліцыі.
ІП пагражае крымінальная адказнасць, кіроўцы фуры — адміністрацыйная.
Фота: guvd.gov.by