“Зарэгістраваныя чатыры выпадкі”. У Салігорску людзей шпіталізуюць з адром

18/01/2019 - 10:50

Жыхароў Салігорска масава абследуюць на адзёр. За апошні час у горадзе выяўленыя чатыры выпадкі гэтай хваробы. Тэлефанаванні з паліклінік з прапановамі прайсці медагляд правакуюць розныя чуткі і ажыятаж. Апроч таго, з “Беларуськалія” на абследаванне забралі каля сто чалавек. Еўрарадыё разбіраецца, ці сапраўды ў Салігорску ёсць падставы для панікі з-за адру, альбо жыхарам нічога не пагражае.

“Праблема ёсць на самой справе, — распавяла Еўрарадыё жыхарка Салігорска. — Але і чуткі могуць быць перабольшанымі. Наконт колькасці хворых я не валодаю дакладнай інфармацыяй, але магу сказаць, што адзін са сваякоў знаходзіцца ў бальніцы з адром”.

Па словах салігарчан, на мінулым тыдні з “Белкалію” на абследаванне адправілі каля ста чалавек. У Салігорскай цэнтральнай раённай бальніцы кажуць, што выпадкі хваробы сапраўды зафіксаваныя, але не трэба ствараць паніку.

“У горадзе зарэгістраваныя чатары выпадкі, яны пацверджаныя, — расказалі Еўрарадыё ў бальніцы. — Сёння [18 студзеня. — Еўрарадыё] выпісаныя дзве апошнія жанчыны. Па кожным выпадку праводзіцца дастаткова сур’ёзнае эпідрасследаванне, пры неабходнасці робіцца вакцынацыя. Напэўна, з-за таго, што працуюць з кантактамі па месцы жыхарства, працы, ўзнік ажыятаж. Эпідэміі няма. Адзёр ёсць у Расіі, ва Украіне, Еўропе. Мы працуем, адпачываем, лётаем, таму рызыка прывезці адзёр ёсць заўсёды”.

Дакладна вызначыць, адкуль у Салігорск трапіў вірус, па словах спецыялістаў, немагчыма. Верагодна, у горад хваробу завезла салігарчанка, якая нядаўна вярнулася з Украіны.

Тым часам у Грузіі — эпідэмічная ўспышка адру. Паводле JAMnews за 17 дзён новага года зафіксаваны 321 выпадак інфекцыі.

"Адзёр ў асноўным ахапіў узроставую групу ад 20 да 40 гадоў. 56-58% інфіцыраваных адносяцца менавіта да гэтай групы. Што тычыцца астатніх узроставых груп, восем адсоткаў інфіцыраваных ад 0 да аднаго года, а 14 адсоткаў — ад года да пяці гадоў", — кажа кіраўнік Нацыянальнага цэнтру кантроля захворванняў Аміран Гамкрэлідзэ у інтэрв'ю "Нетгазети".

Гэтыя паказчыкі растуць, бо значная частка насельніцтва ўсё яшчэ не прышчэпленая. Адзінае, што можа спыніць адзёр, гэта вакцынацыя гэтых людзей.

To see this content visit the full version of this page.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі