"Заняпад беларускай адукацыі": падаем на ўзровень "краін Афрыкі"?

14/12/2021 - 08:15
Прагноз экспертаў-выкладчыкаў несуцяшальны / unsplash.com

Ліцэі хочуць закрыць, гімназіі скарачаюць, настаўнікаў бракуе — чуткі пра зніжэнне ўзроўню адукацыі ў Беларусі не знікаюць з інфаполя. Папраўдзе ўсё так дрэнна?

— Пра якасць беларускай адукацыі можна меркаваць толькі на падставе аб'ектыўнага аналізу, — расказвае Еўрарадыё кіраўнік праекта "Народны падручнік" Сяргей Альшэўскі. — Але нават па справаздачах афіцыйнай структуры — рэспубліканскага маніторынгу кантролю якасці — вынікі, на мой погляд, сумныя. Я чытаў рэкамендацыі па выніках рэспубліканскай кантрольнай работы за папярэдні год. Там быў вынесены цікавы факт: 18,3% дзевяцікласнікаў памыліліся пры знаходжанні плошчы прамавугольніка. Як вам такі вынік? На мой погляд, гэта відавочна сведчыць пра тое, што з якасцю нешта не тое.

Па гадах працэс усё горшы і горшы. У дзяцей праблемы з банальнымі вуснымі вылічэннямі, якія ў тым ліку патрэбныя для паспяховага вывучэння матэматыкі.

Сяргей Альшэўскі / Еўрарадыё

А можа быць, рэч у дзецях, якія не хочуць грызці граніт навукі?

— Усе дзеці, груба кажучы, нараджаюцца з аднолькавымі характарыстыкамі, і ва ўсіх іх ёсць аднолькавыя здольнасці, — перакананы Сяргей Альшэўскі. — Усе дзеці здольныя да той жа матэматыкі пры іншых роўных умовах — тут мы не бяром дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Усе яны паспяховыя, пытанне толькі ў тым, як мы іх вучым, якія падыходы і метады выкарыстоўваюцца.

— Зніжэнне ўзроўню адукацыі можна прагназаваць і па той ініцыятыве, якую цяперашні міністр адукацыі Карпенка прапанаваў пару гадоў таму, — лічыць перакладчык і педагог Лявон Баршчэўскі. — Маўляў, у гімназіі не павінна быць конкурсу, браць туды каго захочаш, хто жыве ў гэтым мікрараёне. Вядома, гэта і не толькі гэта прыводзіць да паніжэння ўзроўню адукацыі.

Лявон Баршчэўскі / Радыё Свабода

Страта ліцэяў — страта эліты

Скарачэнне колькасці ліцэяў у Беларусі — гэта страшылка, або пад такімі чуткамі ўсё ж ёсць падмурак?

— У новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі ёсць непрыкметныя змены, якія могуць прывесці да перапрафілявання і фактычнага знішчэння ліцэяў, — кажа Сяргей Альшэўскі. — Гэта заключаецца ў тым, што ў старой рэдакцыі выразна прапісана, што ліцэй — гэта дзясятыя-адзінаццатыя класы, а ў новай рэдакцыі гэтая фармулёўка знікае.

А ці такія патрэбныя ліцэі? Можа быць, досыць школ і ўніверсітэтаў?

— А наколькі нам трэба мець элітныя кампаніі, дзе робяцца прадукты высокага ўзроўню? — задае сустрэчнае пытанне Сяргей Альшэўскі. — Ліцэі — гэта дзясятыя-адзінаццатыя класы, дзе збіраліся найлепшыя з найлепшых, з імі мэтанакіравана вялася работа. З гэтых хлопцаў і дзяўчат атрымліваліся высокаматываваныя студэнты, якіх можна было залучаць у навуковую дзейнасць, з якімі можна было працаваць далей на высокім узроўні. Гэта "штучны тавар", на які палююць многія ўніверсітэты свету. Гэта будучая навуковая эліта, якой не стае для таго, каб вырабляць тэхналогіі, якія ў далейшым маглі б прадаваць.

— Праблема заключаецца ў тым, што ў нас "двухгадовыя" ліцэі, — падкрэслівае Лявон Баршчэўскі. — Нідзе ў свеце такога няма. За два гады немагчыма давесці вучняў, якія прыйшлі са звычайнай школы, да патрэбнага ўзроўню. Ліцэй павінен быць мінімум трохгадовы, а лепш чатырохгадовы. Магу сказаць як выкладчык з саракагадовым стажам: за два гады не паспееш моцна падцягнуць ні матэматыку, ні фізіку, ні гуманітарныя навукі.
 

Дэфіцыт настаўнікаў

Ці ёсць матывацыя ў маладых спецыялістаў заставацца працаваць у беларускіх школах? / unsplash.com

Нашы суразмоўнікі ўпэўненыя, што якасць адукацыі ў Беларусі зніжаецца. А ці досыць у навучальных установах выкладчыкаў, гатовых працаваць у цяперашняй сістэме адукацыі?

— Дакладнымі звесткамі, на жаль, цяпер не магу апераваць, я не ў Беларусі. Але ведаю, што шмат настаўнікаў працуюць на паўтары і больш стаўкі — для таго, каб забяспечыць сабе годны ўзровень заработнай платы, — кажа аўтар "Народнага падручніка". — На мой погляд, гэта больш чым пацверджанне таго, што настаўнікаў не стае. Я б наогул забараніў працаваць больш чым на стаўку ў школе. Настаўнік павінен мець магчымасць адпачыць, падрыхтавацца да новага дня, а ён праз дадатковую стаўку падвышае ўзровень сваёй заработнай платы. І гэта ў тым ліку негатыўна адбіваецца і на якасці адукацыйнага працэсу.

— У Беларусі зроблена стаўка на тое, што малады спецыяліст павінен абавязкова адпрацаваць пасля навучання, — мяркуе Лявон Баршчэўскі. — А калі ён пры гэтым незадаволены сваім начальствам, заробкам, незадаволены тым, што ў яго няма жылля, — калі ласка, ідзі пасля адпрацоўкі на ўсе чатыры бакі. А мы возьмем новых выпускнікоў.

Школы наўрад ці застануцца без вучняў. Але ці застануцца кваліфікаваныя настаўнікі? / unsplash.com

— Сёння выкладчыкаў з вялікім стажам стала значна менш, чым было ў 90-я гады. У настаўніцкай прафесіі стаж якраз мае вялікае значэнне, — падкрэслівае Лявон Баршчэўскі. — Якім бы ты ні быў цудоўным і таленавітым, але пакуль ты не папрацуеш пэўны час з дзецьмі, то ты не набудзеш неабходных навыкаў і разумення аўдыторыі, з якой ты працуеш. Педагогі, якія працуюць па тры-пяць гадоў, проста не даходзяць да свайго ўзроўню.

Акрамя нізкіх заробкаў, ёсць яшчэ нюанс. Дырэкцыя раздае найбольш лаяльным і набліжаным настаўнікам — а такіх выпадкаў шмат — большую нагрузку, больш гадзін. Адпаведна, яны атрымліваюць большы заробак. Тыя, хто "пакрыўджаныя", бачаць гэта і сыходзяць са школы, шукаюць лепшую працу. Таксама ў 90-я гады папяровая нагрузка на настаўнікаў была максімальна зніжана. Цяпер настаўніка прымушаюць ісці ў дом да вучняў і ледзь не зазіраць да іх у халадзільнік — а гэта ж не іх праца. Падзеі 2020–2021 гадоў раскрылі яшчэ і палітычны ціск у выглядзе вымушанага рабства ў выбарчых камісіях, дзе ім трэба займацца невядома чым. Усё гэта, мякка кажучы, не палепшыла ўзровень адукацыі.

Калі раптам Мінадукацыі выб'е квоту на павялічанае ў некалькі разоў фінансаванне, то куды яго варта накіраваць?

— Фінансаванне павінна ісці на матбазу і заробкі добрым настаўнікам, — перакананы перакладчык. — Павінна быць дыферэнцыяцыя не ліпавая, па прыкладзе лаяльнасці, а па рэальных дасягненнях. Напрыклад, ёсць у выкладчыка навуковыя і метадычныя публікацыі, ёсць вучні, якія перамагаюць у алімпіядах? Вось гэты настаўнік і павінен атрымліваць вялікі заробак, незалежна ад таго, сябруе ён з дырэктарам і завучам ці не.

 

Куды мы коцімся?

Калі дапусціць, што сітуацыя будзе толькі пагаршацца, то па якіх найважнейшых дзяржаўных сферах ударыць цяперашняя сітуацыя з адукацыяй?

— У першую чаргу па высокатэхналагічных сферах, — адказвае Сяргей Альшэўскі. — Там, дзе патрэбныя спецыялісты высокага ўзроўню, за якіх цяпер канкуруе ўвесь свет: IT і сумежныя галіны ў медыцыне і біялогіі. Як мне здаецца, мы чамусьці арыентуемся на рабочыя прафесіі. Яны, вядома, павінны быць, але з улікам трэндаў на рабатызацыю і іншыя рэчы людзі павінны быць з іншай кваліфікацыяй.

— Зніжэнне ўзроўню адукацыі адгукнецца жахлівымі наступствамі. Адна надзея на тое, што нават у такой сістэме ёсць таленавітыя людзі. Да таго ж пакуль яшчэ ёсць магчымасць атрымліваць адукацыю за мяжой. Галоўнае, каб гэтыя людзі не страчвалі сувязь з Беларуссю і ў будучыні паўдзельнічалі ў яе стварэнні, — спадзяецца Лявон Баршчэўскі.

— Без адукацыі вельмі складана разлічваць на прагрэс у эканоміцы. Важная генерацыя інтэлектуальнага чалавечага капіталу і ўтрыманне талентаў, — дадае экс-кандыдат у прэзідэнты, эканаміст Яраслаў Раманчук. — Па якасці адукацыі ў разрэзе іншых краін Беларусь сёння знаходзіцца паміж трыццатым і саракавым месцам. Але калі паглядзець на тое, як наша краіна захоўвае і ўтрымлівае таленты, то тут мы ў другой сотні. Адбываецца выкіданне кадраў за мяжу, таму што яны з цяжкасцю знаходзяць сябе ў гэтай сістэме. Далейшая самарэалізацыя ў бізнесе і не толькі там вельмі праблематычная.

Яраслаў Раманчук / Еўрарадыё

Такое становішча спраў эканаміст звязвае з палітычным становішчам у Беларусі.

— Калі беларуская сістэма адукацыі страціць настаўніцкі патэнцыял на ўзроўні сярэдняй школы і вышэйшай адукацыі, калі па-ранейшаму будзе адбывацца ідэалагізацыя і ваенізацыя сістэмы вышэйшай адукацыі, то Беларусь павольна, але ўпэўнена будзе ператварацца ў, умоўна, афрыканскія краіны. Узнаўленне кадраў, перш за ўсё фізіка-матэматычнай, інжынернай школ, немагчымае ў сітуацыі, калі гэтыя людзі пазбаўленыя базавых грамадзянскіх правоў.

World of Tanks, EPAM і іншыя кампаніі, якія ўваходзяць у эліту сусветнага бізнесу, — гэта свету дала наша сістэма адукацыі. Але чаму гэтыя кампаніі не ў Беларусі? Таму што няма вяршэнства права, няма грамадзянскіх свабод і абароны правоў уласнасці.

На думку Яраслава Раманчука, рэфармаванне беларускай сістэмы адукацыі — гэта не магчымая перспектыва, а простая неабходнасць.

— Чым хутчэй адукацыя стане прыватнай, канкрэтнай і адкрытай, тым хутчэй яна дасягне сусветнага ўзроўню, — сцвярджае эканаміст. — Гаворка не ідзе пра вытворчасць "корачак" пад ліцэнзіі Мінадукацыі, а поўную аўтаномію сярэдняй школы, пра новыя рэжымы фінансавання і ўдзел у кіраванні бацькоў і спонсараў.

Ужо сёння ёсць канкурэнцыя сеткавых універсітэтаў. Не выходзячы з дома можна вучыцца ў Берклі, Гарвардзе або Сарбоне. Само паняцце нацыянальнай дзяржаўнай адукацыі ўжо не тое, што было трыццаць гадоў таму. Людзі вучацца ў рэжыме "навучанне ўсё жыццё", калі трэба кожныя пяць-сем гадоў абнаўляць веды і нават мяняць спецыяльнасць. Тут мы бачым, што савецкая мадэль адстала гэтаксама, як і друкарская машынка ад камп'ютараў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі