Замежнік укусіў міліцыянера за руку ў Мінску — яму пагражае да сямі гадоў турмы

11/02/2024 - 08:18

У казіно / pixabay.com

56-гадовы замежнік зладзіў дэбош у ігральнай установе ў цэнтры Мінска. Адміністратар зрабіў заўвагу, але наведвальнік не супакоіўся. Калі прыехала міліцыя, мужчына працягваў паводзіць сябе агрэсіўна.

Як паведамілі ў пракуратуры, мужчыну даставілі ў РАУС Цэнтральнага раёна, дзе ён працягваў крычаць і мацюкацца, а потым і ўвогуле укусіў міліцыянера за руку.

У дачыненні да затрыманага склалі адміністрацыйны пратакол, а потым распачалі крымінальную справу.

Мужчыне прад'яўлена абвінавачанне ў супраціўленні супрацоўнікам органаў унутраных спраў пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку (ч. 2 арт. 363 КК Рэспублікі Беларусь). Яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Сваю віну грамадзянін прызнаў цалкам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі