Замест дыскваліфікаванага беларуса на Гульні едзе паляк. Яго рыхтаваў наш трэнер

26/07/2016 - 10:41

Яшчэ нядаўна польскі вясляр-байдарачнік Рафал Расольскі быў перакананы, што не выступіць на Алімпіядзе-2016. Але яго напаткала неверагодная спартовая ўдача.

Міжнародная федэрацыя каноэ (ICF) зняла беларускую мужчынскую зборную байдарачнікаў і канаістаў з Алімпіяды, нібыта за мельдоній. Хоць рашэнне было прынятае, доказы прэсе дагэтуль не прадстаўленыя. На сем вакантных месцаў, якія займалі беларусы, запрасілі іншых весляроў. Паляк Рафал Расольскі трапіў у іх лік. Ён выступіць на дыстанцыі 1000 метраў. Мяркуючы па ўсім, заменіць нашага байдарачніка Алега Юрэню.

Іронія лёсу ў тым, што да Алімпіяды Расольскага рыхтаваў вядомы беларускі спецыяліст.

“Я быў пад апекай трэнера Уладзіміра Парфяновіча ў 2015 годзе, ён рыхтаваў мяне да чэмпіянату свету. І сёлета ён трэніраваў мяне аж да трэцяга Кубка свету ў Мантэмор-у-Вэлью (спаборніцтвы праходзілі сёлета на пачатку чэрвеня). Пазней Польская федэрацыя каноэ скасавала з ім кантракт, бо мы не заваявалі алімпійскую ліцэнзію”, — апавядае Расольскі Еўрарадыё.

Парфяновіч падчас супрацоўніцтва з польскай зборнай. Рафал Расольскі — другі злева. Яшчэ адзін польскі алімпіец, Павэл Качмарэк, — чацвёрты справа.

Уладзімір Парфяновіч: “У ЗША на допінгу злавілі 19 сваіх жа атлетаў. І ніхто не крычаў, што гэта палітыка”

 

Трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімір Парфяновіч ужо ведае пра тое, што адну з беларускіх квотаў аддалі Расольскаму. Пра скандал з беларускай зборнай спецыяліст мала што ведае, але схіляецца да думкі, што нашу зборную дыскваліфікавалі не на роўным месцы.

“Калі яны кажуць, што маюць доказы, значыцца, маюць. І калі міжнародны спартыўны арбітраж адхіліў аргументы беларускага боку, то тут няма пра што казаць. Не бывае такога, каб нехта кідаўся ў бакі, маўляў мы такія чыстыя, а іх проста так дыскваліфікоўваюць. У справе можа быць шмат тонкасцяў. Напрыклад, ці быў прэпарат, які знайшлі ў трэнера, правільна задэклараваны? Усіх гэтых тонкасцяў я не ведаю”, — разважае Парфяновіч.

Еўрарадыё: Мельдоній некаторыя спецыялісты называюць вітамінамі для ўзнаўлення. Ці сапраўды ўжыванне гэтага рэчыва давала спартсменам перавагу перад іншымі?

Уладзімір Парфяновіч: Мельдоній дае магчымасць пераносіць большыя нагрузкі. Атлет можа зрабіць больш працы. А ўсё, што дае перавагу, я лічу, — гэта і ёсць допінг. Нават тое, што яшчэ не забаранілі. Мельдоній быў танны, даступны.

Еўрарадыё: Вам не падаецца, што ў выпадку з беларускай камандай ролю згуляла палітыка, што да нас ставяцца неаб’ектыўна?

Уладзімір Парфяновіч: Помніце, як у ЗША на допінгу злавілі 19 атлетаў (гісторыя 2003 года, — Еўрарадыё)? Амерыканцы ўзялі аналізы ўнутры краіны і без Міжнароднага алімпійскага камітэта і WADA адхілілі сваіх жа атлетаў. І ніхто не крычаў, што гэта палітыка. Таму што чыстымі трэба быць! Ніякага неаб’ектыўнага стаўлення да Беларусі няма. Дурасць! Усё аб’ектыўна! Не трэба чытаць савецкіх газет.

Еўрарадыё: Няўжо ў зборнай Расіі, калі вы яе ўзначальвалі, не прымалі мельдоній?

Уладзімір Парфяновіч: Я ніколі не хадзіў у пакой да доктара. Але заўсёды казаў, што такога быць не павінна. Спартсмен нічога не павінен ужываць. Гадоў дваццаць таму я прапанаваў, каб допінг у нас быў забаронены крымінальна. Мяне ніхто не падтрымаў.

Трэнер весляроў, у якога знайшлі мельдоній: З-за сэрца не раз выклікаў "хуткую"

Шанцы на Алімпіяду страчаныя, але зборная працягвае трэніравацца

 

Усе юрыдычныя магчымасці, каб вярнуць беларускую зборную на Алімпіяду, вычарпаныя. Гэтую інфармацыю Еўрарадыё пацвердзілі ў НАК Беларусі.

Але трэнерскі штаб нашых байдарачнікаў і канаістаў, падобна на тое, не хоча ў гэта верыць. Каманда накіравалася на чарговыя зборы.

“Я і іншыя шэсць весляроў выехалі ў Брэст. Нам сказалі трэніравацца да апошняга”, — паведамляе Еўрарадыё байдарачнік Арцём Козыр.

Хто з беларускіх алімпійцаў відавочна прэтэндуе на п'едэстал

“Надзея памірае апошняй. Калі ўпэўнены, што ні ў чым не вінаваты”, — тлумачыць матывы такіх трэніровачных збораў Аляксей Багдановіч.

“Усе жывуць з надзеяй”, — дадае яго брат Аляксандр, які меў быць сцяганосцам усёй алімпійскай беларускай зборнай.

Мужчынская зборная па веславанні плануе быць у Брэсце да 6 жніўня. А потым вылецець у Рыо. Толькі ўдзел каманды ў Алімпіядзе, падобна на тое, будзе куды большым цудам, чым калі б нават кожны з нашых весляроў выйграў па залатым медалі.

Аляксандр Багдановіч: Ніколі ў жыцці не прымаў допінг, я абсалютна чысты

Фота з асабістага архіву Рафала Расольскага і з сайта paddlesports.ru

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі