Забойцу мінчанкі Таццяны Курсевіч прысудзілі да 18 гадоў пазбаўлення волі

11/01/2018 - 12:31

Судовая калегія па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда вынесла прысуд па крымінальнай справе 32-гадовага мінчука Яўгена Раздуева. Яго вінавацілі ў жорсткім забойстве 32-гадовай Таццяны Курсевіч. Як перадае БЕЛТА, мужчыну прызналі вінаватым у шэрагу злачынстваў — забойстве, учыненым з асаблівай жорсткасцю, таемным крадзяжы маёмасці, крадзяжы асабістых дакументаў.

Раздуева асудзілі на 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Акрамя таго, суд пастанавіў спагнаць з Раздуева кампенсацыю маральнай шкоды на карысць блізкіх забітай у памеры 140 тысяч рублёў.

Падчас папярэдняга следства на аўтамабіль Раздуева і лецішча ў Вілейскім раёне быў накладзены арышт. Гэтая маёмасць можа выкарыстоўвацца для выплаты сумы маральнай шкоды. 

Прысуд не набыў законную моц і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў адпаведным парадку.

Як паведамлялася раней, трагедыя адбылася 15 лістапада 2016 года. Падчас сваркі мужчына біў Таццяну Курсевіч нагамі і рукамі, а потым узяў сякеру і тупой паверхняй некалькі разоў стукнуў па галаве. У час забойства сын забітай знаходзіўся дома і нічога не чуў.

Зламыснік схаваў труп у багажнік аўто. Зранку ён адвёз хлопчыка ў школу, а потым на машыне з трупам паехаў у бок Маладзечна. Цела ён закапаў каля свайго вясковага дома ў Вілейскім раёне.

Пазней ён заявіў міліцыянтам, што злачынства ўчыніў па неасцярожнасці. Па словах Раздуева, ён ненаўмысна штурхнуў жанчыну, яна павалілся, стукнуўшыся галавой аб кут ложка, і засталася без прытомнасці. Ён, маўляў, закруціў труп у прасціну і капу, паклаў у багажнік і на наступны дзень закапаў.

Таццяна Курсевіч з сярэдзіны лістапада не выходзіла на сувязь з сваякамі і сябрамі. Заяву пра яе знікненне напісаў былы муж. Жанчыну шукалі міліцыя і валанцёры. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі