"Курыца чорнага дня". Беларусы Беластока будуюць планы, але чакаюць нападу Расіі

02/05/2024 - 13:38

Ждать ли войну с NATO? / @rubanau_collage

У маразілцы ў журналісткі Марыі Грыц ляжыць "курыца чорнага дня". Гэта на выпадак вайны. Марыя жыве ў Беластоку, то-бок недалёка ад мяжы з Беларуссю.

Не тое каб яна кожны дзень чакала, калі Расія праз тэрыторыю Беларусі атакуе NATO. Але памятае, што і поўнамаштабнай вайны Расіі з Украінай таксама не чакала. А потым снарад упаў на вайсковую частку перад вокнамі яе кіеўскага дома. Нечакана.

Напярэдадні поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну многія беларускія палітычныя эксперты супакойвалі нас словамі "вайны не можа быць проста таму, што не можа быць". Тымі ж словамі Марыя супакойвала сябе, пакуль жыла ў Кіеве. А цяпер?

"Рука ў цябе на "ручніку", але паралельна ты будуеш вялікія планы"

— Мне, з аднаго боку, страшна, я адчуваю эмацыйны ціск. Але з іншага — не верыцца, што ўсё можа паўтарыцца пад капірку, — разважае Марыя.

Тады, ва Украіне, да вайны яна была не гатовая. З запасаў — выпадкова набыты і замарожаны напярэдадні ўварвання кілаграм тварагу. Тады чамусьці здавалася, што ў чорны дзень ёй вельмі спатрэбіцца менавіта тварог.

— У нас 22 лютага нават машына была не была запраўленая. Не тое каб цяпер дома стаялі поўныя каністры з бензінам, але кансервы і макарону мы на ўсялякі выпадак прыкупілі.

Акрамя таго, Марыя закупілася алкаголем. Мінулым разам яе хатні "бар" вельмі спатрэбіўся кіеўскім сябрам, якім сям'я перадала ключы ад кватэры. Па-першае, ва Украіне тады дзейнічаў сухі закон, па-другое, шкляныя бутэлькі пасавалі для "кактэйляў Молатава". Цяпер Марыя адкрывае для сябе памежнае з Беларуссю польскае Падляшша. І ў падарожжах па рэгіёне заўважае ў гарадах і мястэчках дарожныя знакі для ваеннай тэхнікі — і шмат вайскоўцаў.

Яе пераконваюць, што знакі тут стаялі і раней. Нашмат складаней пераканаць у тым, што Польшча выдаткоўвае вялікі рэсурс на ўтрыманне вайскоўцаў ля мяжы проста так. Усё гэта не супакойвае.

Як жывуць Сувалкі ў чаканні вайны?

Тады аналітык Павел Слюнькін казаў, што перспектыва вайны Расіі і НАТА цалкам рэальная, але пакуль Расія не можа справіцца і з Украінай. Ён заўважаў: сіл Крамля не хапае нават на тое, каб захапіць Аўдзееўку. Але... Аўдзееўка захопленая. Ці змяніўся настрой Слюнькіна? Прасцей — ці чакае ён трэцяй сусветнай так, як яе чакае Валерый Сахашчык?

— Я казаў пра Аўдзееўку, каб звярнуць вашую ўвагу на тое, што расіяне пакуль не змаглі прасунуцца далёка ад сваёй мяжы, большая частка Украіны па-ранейшаму кантралюецца ўкраінскімі ўладамі. То-бок у гэтым кантэксце Аўдзееўка — метафара. Мы вядзём гаворку пра магчымасць нападу на калектыўны блок NATO з боку Расіі, якая дагэтуль стаіць пад Аўдзееўкай.

Ну добра, цяпер яна не пад Аўдзееўкай, а пад іншым горадам — але ўсё яшчэ недалёка ад сваёй мяжы. Расія ўсё яшчэ не можа зрабіць нічога, што прывяло б да калапсу ўкраінскага фронту.

Калі мы з вамі размаўлялі некалькі месяцаў таму, яшчэ не было амерыканскай дапамогі для Украіны. Але цяпер дапамога зацверджаная, а значыць, ва Украіны зноў з’явіцца зброя, каб абараняцца. Я чакаю, што лінія фронту стабілізуецца. Калі Расія і будзе прасоўвацца далей, дык павольна, і размовы пра калапс украінскага фронту не будзе.

Слюнькін кажа, што ў яго інфармацыйным патоку размоваў пра ўключэнне Беларусі ў вайну няма. Але што можа сведчыць пра тое, што напад на NATO праз тэрыторыю нашай краіны ўсё ж можа стаць рэальным? Пройгрыш Украіны ці нявыгаднае для яе перамір’е, кажа наш суразмоўнік

— І тады сілы Расіі, яе вайсковы і прамысловы патэнцыял будуць скіраваныя на самаадбудову. Яна больш не будзе несці страты, якія нясе цяпер.

Але пакуль Расія ваюе ва Украіне, яе рэсурсы сканцэнтраваныя там. А страты дастаткова вялікія, каб яе рэсурсу не хапіла на адкрыццё другога фронту. Да таго ж фронту з такім магутным праціўнікам.

З большасцю краінаў NATO Расія мяжуе праз тэрыторыю Беларусі. Цяпер вялікай групоўкі расійскіх войскаў у Беларусі няма. Калі яны зноў прывязуць дзесяткі тысяч сваіх салдат і будуць размяшчаць іх не на паўднёвай мяжы, гэта таксама будзе сігналам падрыхтоўкі.

Яшчэ адзін індыкатар — пераабранне Дональда Трампа, тады трэба будзе сачыць за яго рыторыкай. Пакуль гэта ўсё неактуальна, таму мой аналіз за некалькі месяцаў не моцна змяніўся.

 

Калі ўжо дакладна "трэба валіць"

Мы папрасілі палітычнага аналітыка Арцёма Шрайбмана дапамагчы беларусам распазнаць сігналы, якія маглі б сведчыць пра набліжэнне вайны. Арцём даў лаканічную і практычную параду:

— Сігнал адзін. Калі ЦРУ кажа, што будзе вайна, — трэба валіць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі