За ўсю гісторыю Беларусь падала на “Оскар” толькі два фільмы

05/07/2018 - 13:43

1 ліпеня сайт Variety паведаміў, што беларускі фільм “Крышталёвы лебедзь” маладой рэжысёркі Дар’і Жук вылучаны на прэмію “Оскар” у намінацыі “Лепшы замежны фільм”. Чатыры дні ўся беларуская кінатусоўка спрабавала зразумець, хто і як адправіў стужку ў Амерыкаснкую кінаакадэмію. Бо, каб зрабіць гэта, у краіне мусіць працаваць “Оскараўскі камітэт”, пра які ў Беларусі ніколі ніхто не чуў.

А ён ёсць.

Пра гэта Еўрарадыё распавёў мастацкі кіраўнік кінастудыі “Беларусьфільм” Ігар Поршнеў. “Оскараўскі камітэт” з’явіўся ў нашай краіне яшчэ ў 1990-я, але неўзабаве спыніў сваю дзейнасць на цэлых 15 гадоў. Такія правілы “Оскара”: нацыянальны камітэт перапыняе дзейнасць, калі краіна нічога не вылучае на прэмію цягам пяці гадоў.

 

“У Беларусі аднавіў існаванне “Оскараўскі камітэт”. Вось, у мяне ляжыць дакумент з Лос-Анжэлеса, у ім сказана, што наш камітэт ухвалены, — кажа Ігар Поршнеў. — “Оскараўскі камітэт” у Беларусі існаваў у 90-я гады, я дакладна ведаю, таму што я асабіста рыхтаваў дакументы па фільме "Я — Іван, ты — Абрам", гэта беларуска-французскі фільм, ён нават прайшоў нейкія намінацыі. Другі раз падаваўся расійска-беларуска-нямецкі фільм "З пекла ў пекла"”.

Цяпер да падачы на Оскар у намінацыі “Найлепшы замежны фільм” рыхтуюць карціну Дар’і Жук “Крышталёвы лебедзь”. Дакументы яшчэ не гатовыя, не адправілі. Па словах Поршнева, гэта доўгі працэс.
 

Афішы "Я — Іван, ты — Абрам" і "З пекла ў пекла" з Вікіпедыі. Калаж Еўрарадыё.

Сусветная прэм’ера “Крышталёвага лебедзя” адбылася 30 чэрвеня на кінафестывалі ў Карлавых Варах. Дзеянне фільма разгортваецца ў Беларусі 1990-х гадоў — галоўная гераіня падаецца на амерыканскую візу, але ўказвае ў анкеце недакладны нумар тэлефона. Каб адказаць на праверачнае тэлефанаванне, яна вымушаная на тыдзень з'ехаць у невялікі беларускі гарадок. Стужка паказвае жыццё людзей той эпохі са стыхійнымі рынкамі, падпольнымі моладзевымі рэйвамі і марамі пра эміграцыю.

 

Кадр з фільма "Крышталёвы лебедзь". Фота kinopoisk.ru

“Крышталёвага лебедзя” амаль цалкам здымалі ў Беларусі. У вытворчасці бралі ўдзел беларускія, амерыканскія, нямецкія і расійскія кінакампаніі.

Дар’я Жук — ураджэнка Мінска, якая цяпер жыве ў ЗША. Яна скончыла Гарвардскі і Калумбійскі ўніверсітэты, працавала на канале HBO. Зняла некалькі кароткаметражных фільмаў, якія прынеслі ёй лаўрэацтва шэрагу кінафестываляў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі