"За што так з намі?": чаму бабуля ў 82 гады выходзіць на акцыі пратэсту

12/10/2020 - 11:10
Зоя Мікалаеўна на акцыі 23 верасня / Еўрарадыё

82-гадовая Зоя Мікалаеўна не прапусціла ні аднаго мінскага маршу ў выхадныя. Нягледзячы на ўзрост, далікатная бабуля імкнецца наведваць буйныя акцыі і ў будні.

23 верасня, у дзень таемнай інаўгурацыі Лукашэнкі, бясстрашная бабуля трапіла ў стрым Еўрарадыё з акцыі пратэсту. Яна паспела эмацыйна расказаць, што ні разу не галасавала за Лукашэнку і не баіцца затрыманняў. Тут жа каля яе і карэспандэнта Еўрарадыё спыніўся аўтобус з амапаўцамі. Бабуля кінулася да дзвярэй са словамі: "Давайце! Забірайце мяне!" Гэты момант стаў вірусным.

Праз некалькі хвілін амапаўцы на тым жа месцы выкарысталі супраць жанчын пярцовы газ. Сярод пратэстоўцаў была і Зоя Мікалаеўна.

"У мяне вочы хворыя — глаўкома, аперацыя была — і я амаль сляпая. Выпадкова адвярнулася... А так і не ведаю... Я б аслепла зусім... Падскочылі і пырснулі з балончыка. Дзяўчынку маладзенькую круцілі, а што мы, жанчыны, можам зрабіць супраць гэтых бандытаў?" — успамінае яна падзеі на Нямізе. Еўрарадыё звязалася з бабуляй, каб даведацца, як яе здароўе, і пагаварыць пра тое, што прымушае яе выходзіць на вуліцы Мінска.

"Я чаму хаджу? Я з гэтай уладай 17 гадоў змагалася, з гэтымі пракурорамі і судамі. Я хаджу, таму што шмат несправядлівасці ў нас, у Беларусі. А цяпер што адбываецца? За што б'юць? За што? Чаму так з такім добрым народам? Я хаджу — усё бачу. За што так з намі?" — кажа Зоя Мікалаеўна.

У 90-х, па словах Зоі Мікалаеўны, яна стала ахвярай кватэрных махляроў. З мужам яны прадалі кватэру, каб купіць іншую. Але набытая кватэра "старога алкаголіка" па дакументах аказалася не яго ўласнасцю. Пажылыя людзі, а таксама іх дачка з маленькім дзіцем на руках фактычна апынуліся на вуліцы.

З 1996 года Зоя Мікалаеўна спрабавала адстаяць сваю маёмасць. "У суды хадзіла як на працу", — успамінае жанчына. Хаджэнне зацягнулася на доўгія гады.

"Такая карупцыя — праз што я прайшла! Пракуроры былі заадно з гэтымі жулікамі. Судзіліся з імі 17 гадоў. Муж 53 гады прапрацаваў на [Мінскім падшыпнікавым] заводзе ў гарачым цэху, а памёр у выніку, можна сказаць, бамжом", — расказвае Зоя Мікалаеўна.

Пасля таго як гісторыю жанчыны апублікавала газета "Вечерний Минск", ёй удалося праз грамадзянскі суд вярнуць частку сродкаў: "Капейкі", — уздыхае Зоя Мікалаеўна.

Цяпер бабуля жыве ў кватэры разам з 53-гадовай дачкой і 25-гадовым унукам. За трохпакаёвую кватэру на Масюкоўшчыне выплачваюць крэдыт.

"Сем гадоў жывём, а яшчэ 13 гадоў плаціць. Дачка працуе на дзвюх працах, таму што цяжка аплачваць — 260 рублёў кожны месяц. І камунальныя. Унук кухарам працуе дзень і ноч — дома не бывае. Я на пенсіі асабліва таксама дапамагчы не магу — 450 рублёў атрымліваю. Дык я ўжо стараюся лекі не купляць дарагія, так і жыву: амаль без лекаў".

Зоя Мікалаеўна ўсё жыццё працавала: спачатку прыбіральшчыцай, пасля — 27 гадоў кладаўшчыцай на складзе ў "Беларусьфільме", да самай пенсіі. Успамінае, што спачатку многія на студыі крытыкавалі працаўладкаванне жанчыны без вышэйшай адукацыі. "Там жа склад — можна было ўкрасці чаго. Але я была сумленная, прыстойная. Начальнік і заступіўся за мяне", — смяецца Зоя Мікалаеўна.

Замест судоў, якія пасля кватэрнай афёры наведвала 17 гадоў, цяпер як на працу Зоя Мікалаеўна ходзіць "гуляць па горадзе": "Старая я, слабаватая ўжо, ногі баляць, але хаджу, таму што не магу не хадзіць. У нас на раёне таксама збіраюцца — хаджу. У суботу пайду, і ў нядзелю таксама пайду".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

To see this content visit the full version of this page.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі