Прыніжалі, абражалі і прымушалі есці соль. Тэрмінавік — пра беларускае войска

10/05/2024 - 11:23

Тэрмінавік расказаў пра жыццё ў войску. / @rubanau_collage

Паўтара года (ці год, калі ёсць вышэйшая адукацыя) беларускія тэрмінавікі амаль цалкам ізаляваныя ад свету, жывуць у казармах і... сутыкаюцца з абразамі, прыніжэннямі, а часам і збіццём.

Шчыра пра тое, што адбываецца сёння ў беларускім войску, Еўрарадыё расказаў Дзяніс (імя змененае).

“Ну, калі памрэш — значыць, заўтра цябе і пахаваем”

На выпускным з універсітэта разам з дыпломам Дзянісу ўручылі позву. І ўжо восенню адправілі ў войска. Наш герой трапіў у невялікую частку: там было не больш за 50 тэрмінавікоў і прыкладна столькі ж афіцэраў і кантрактнікаў.

— Я ехаў туды спакойным, ведаючы, што я дарослы чалавек, які можа за сябе заступіцца. Але тое, што я ўбачыў там з першых жа гадзін, мяне выносіла. Напрыклад, там абсалютна ўсе лаюцца матам. Нават калі да навабранцаў падышоў знаёміцца камандзір часткі, дарослы мужык гадоў 50, ён мацюкнуўся разоў дваццаць. Некаторыя словы гэтага мацюкальна-армейскага слэнгу я пачуў упершыню ў жыцці.

Дзяніс кажа, што меркаваннем хлопцаў ніхто не цікавіўся ні па якім пытанні. Напрыклад, усіх адразу прымусілі зрабіць прышчэпку ад каранавіруса, адмовіцца было нельга.

— Рэч у тым, што ў мяне была ўжо прышчэпка ад каранавіруса, я спрабаваў растлумачыць гэта вайсковай фельчарцы, але марна.

— А калі я памру ад яшчэ адной прышчэпкі? — успамінае Дзяніс сваё пытанне фельчарцы.

— Ну, калі памрэш — значыць, заўтра цябе і пахаваем, — адказала фельчарка ў званні прапаршчыка.

Паводле Дзяніса, ён хутка зразумеў, што лепш ужо дакладна не будзе.

Пра дзедаўшчыну

Пасля завяршэння курсу маладога байца (КМБ) і прысягі Дзяніса перавялі ў казарму да тэрмінавікоў з мінулых прызываў.

— Яшчэ на КМБ сяржант, які вучыў нас армейскім асновам, казаў, што пасля таго, як мы трапім "на паверх", усё зменіцца. Ён намякаў на нейкія правілы, якія трэба будзе выконваць усім новенькім. Я не надаваў гэтаму значэння, думаў: "Ну добра, правілы і правілы, як-небудзь дам рады".

Аказалася, што ўсё не так проста. "Правілы" — гэта вусныя забароны таго, чаго нельга рабіць навабранцам і якое пакаранне іх чакае ў выпадку памылак.

Паводле Дзяніса, іерархія "на паверсе" выглядала наступным чынам: у першы перыяд навабранцы ("сланы") выконвалі ўсю чорную працу, за адмовы ці памылкі іх каралі "чарпакі" (тэрмінавікі, якія адслужылі больш за паўгода), а зверху за ўсім сачылі "дзяды" (тыя, хто ў войску больш за год) — яны лічыліся недатыкальнымі і не рабілі наогул нічога. "Сланам" забаранялася мець зносіны з "дзядамі", камунікацыя праходзіла праз "чарпакоў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі