За некалькі дзён у Беларусі патанулі трое маленькіх дзяцей

02/05/2018 - 16:06

За некалькі дзён у Беларусі патанулі трое маленькіх дзяцей. Трагічныя здарэнні адбыліся ў Навагрудскім, Мазырскім і Сенненскім раёнах. Дзецям было ад 1 да 6 гадоў.

Як паведамляе прэс-служба МНС Гродзенскай вобласці, 28 красавіка няшчасны выпадак адбыўся ў аграгарадку Уселюб Навагрудскага раёна. На падворку аднаго з дамоў гулялі трое дзяцей (хлопчыкі 2015 і 2016 гадоў нараджэння, дзяўчынка 2012 года нараджэння). Іх бацька быў на працы, а маці была ў хляве, дзе карміла хатніх жывёлаў, але перыядычна глядзела, што робяць дзеці.

У нейкі момант жанчына не пабачыла свайго малодшага сына і пабегла яго шукаць. Хлопчык знаходзіўся без прыкмет жыцця ў металічнай ёмістасці з вадой (памеры 130 на 200 см, узровень вады складаў каля 25 см). Да прыбыцця "хуткай" маці спрабавала рэанімаваць сына. Рэанімацыйныя мерапрыемствы медыкі працягвалі паўгадзіны, але хлопчыка выратаваць так і не ўдалося.

Раней паведамлялася пра здарэнне ў Сенненскім раёне, дзе 28 красавіка ў вадаёме, з якога маці брала ваду, патанула аднагадовая дзяўчынка (у нейкі момант яна засталася на беразе адна). 1 траўня ў Мазырскім раёне ў вёсцы Ясенец у вадаёме на прысядзібным участку патануў 6-гадовы хлопчык. Разам з маці ён прыехаў з Мазыра да сваякоў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі