З-за шквалістага ветру без святла засталіся 262 населеныя пункты Беларусі

28/06/2016 - 09:20

З-за шквалістага ветру за апошнія суткі без святла засталіся 262 населеныя пункты Беларусі. Аднаўленчыя работы працягваюцца яшчэ ў Асіповіцкім і Крычаўскім раёнах Магілёўскай вобласці. Там электрычнасці не маюць 34 вёскі.

Прэс-служба МНС інфармуе, што найбольш пацярпелі шэсць населеных пунктаў у Ельскім, Буда-Кашалёўскім і Светлагорскім раёнах Гомельскай вобласці (парывы ветру там дасягалі 17 метраў за секунду), Магілёўскім (у тым ліку і ў Магілёве) і Быхаўскім раёнах Магілёўшчыны. Там былі пашкоджаныя дахі 16 жылых дамоў і 6 сельскагаспадарчых будынкаў. Адзначаецца, што пацярпелых няма.

У Бабруйску з-за значных ападкаў былі падтопленыя тры ўчасткі дарог і 58 прыватных падворкаў. Ліквідацыяй наступстваў стыхіі займаліся ратавальнікі і камунальныя службы.

У Магілёве адбылося 76 выпадкаў падзення дрэў, былі пашкоджаныя тры аўтамабілі (у Бабруйску былі пашкоджаныя дзве машыны). Пацярпелых пры гэтым не было.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі