З “Троіцай” і Цэслерам: другі беларускі фільм прэтэндуе на “Оскар”

30/10/2018 - 11:39

Паўнаметражны дакументальны фільм “Дарога” расійскага рэжысёра Дзмітрыя Калашнікава, які спрадзюсавала беларуская кампанія дырэктаркі кінафестывалю “Паўночнае ззянне” Волі Чайкоўскай “VoliaFilms”, прэтэндуе на “Оскар”. Фінальны спіс стужак, якія прайшлі класіфікацыю ў катэгорыі “Лепшы паўнаметражны дакументальны фільм”, надоечы быў агучаны Амерыканскай кінаакадэміяй.

“Натуральна, мы спадзяваліся, што патрапім у спіс, збіралі дакументы для падачы. Нашы амерыканскія дыстрыб’ютары Oscilloscope зрабілі вялікую працу, каб дапамагчы нам усё сабраць”, — кажа Воля Чайкоўская

Стужка “Дарога” з’яўляецца капрадукцыяй шасці краін — Беларусі, Расіі, Сербіі, Харватыі, Босніі і Герцагавіны і ЗША. Але, падкрэслівае Чайкоўская, галоўнай краінай прадукцыі з’яўляецца менавіта Беларусь. Цікава, што постар для стужкі намаляваў сам Уладзімір Цэслер, у фільме гучыць музыка этна-трыа “Троіца” і брытанскага калектыву Red Snapper, з якім Воля пазнаёмілася на фестывалі “Мірум” і папрасіла дазволу на выкарыстанне музыкі ў карціне.

Фільм “Дарога” створаны з запісаў відэарэгістратараў, зробленых па ўсёй Расіі, і адлюстроўвае жыццё як непрадузяты назіральнік.

Сусветная прэм’ера стужкі адбылася ў 2016 годзе ў Амстэрдаме на фестывалі дакументальнага кіно IDFA, які лічыцца Канамі дакументальнага кіно. У Беларусі фільм быў паказаны сёлета падчас фестывалю “Паўночнае ззянне”. За два гады стужка аб’ездзіла больш за 80 кінафестываляў, у студзені 2018 года выйшла ў амерыканскі пракат у 35 гарадах пры падтрымцы аднаго з найбуйнейшых амерыканскіх дыстрыб’ютараў Oscilloscope. Апроч усяго, фільм атрымаў рэцэнзіі ў такіх выданнях, які The New Yorker, Hollywood Reporter, VOX magazine, Esquire, Variety.

У снежні стане вядома, ці патрапіць “Дарога”, як і стужка “Крышталь” Дар’і Жук, якая прайшла класіфікацыю ў катэгорыі “Лепшы фільм на замежнай мове”, у long-ліст “Оскара”. Так што, цяпер можам балець адразу за дзве беларускія стужкі.

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі