З кім Статкевіч размаўляе па тэлефоне адразу на дзвюх мовах

07/03/2017 - 11:50

У фільме "Звонок другу" гучыць некалькі тэлефонных размоваў, якія быццам бы вёў Мікалай Статкевіч. Адна з іх — з бізнесменам Аляксандрам Смарцарам, выхадцам з Беларусі, які цяпер жыве ва Украіне. Аўтары фільма сцвярджаюць, што Сманцар фінансуе акцыі пратэсту супраць “дэкрэта аб дармаедах”, лідарам якіх выступае Мікалай Статкевіч. У якасці доказа прыводзіцца такая размова:

Скрыншот: "Беларусь-1"

Адразу ўзнікае пытанне: чаму Статкевіч спачатку размаўляе па-руску, а пасля — па-беларуску? Калі ўслухацца ў гэты фрагмент фільма, нескладана заўважыць, што якасць запісу размоваў вельмі адрозніваецца:

Відэа: "Беларусь-1"

Мяркуючы па чысціні першай часткі запісу, рускамоўнай, размова адбываецца праз Skype. Тое, што мы чуем у другой, беларускамоўнай частцы размовы, верагодна, запісана па тэлефоне.

З кім Статкевіч па-беларуску мог абмяркоўваць фінансаванне акцыі? Тэлефонную размову, вельмі падобную да беларускамоўнага фрагмента, прыгадвае яшчэ адзін апазіцыйны лідар — Уладзімір Някляеў. Толькі гаворка тады ішла зусім не пра тое, дзе ўзяць грошы на шэсце "недармаедаў":

"Беларускі нацыянальны кангрэс — арганізацыя цалкам валанцёрская. Мы не шукалі і не збіраемся шукаць ніякіх спонсараў, ніякай падтрымкі з-за мяжы на гэтую працу. Але людзям у рэгіёнах, калі яны прыязджаюць на кангрэсы, мы шукаем магчымасць кампенсаваць іх траты на транспарт, і калі некаму трэба пераначаваць. І вось пра гэта і ішла размова", — распавядае Еўрарадыё Уладзімір Някляеў.

У фільме "Звонок другу" дзвюхмоўная размова цалкам прыпісваецца Статкевічу і Сманцару. Сцвярджаецца, што напярэдадні мінскага маршу супраць дэкрэта №3, які адбыўся 17 лютага, палітык ездзіў у Кіеў і сустракаўся з бізнесменам.

Хто такі Аляксандр Сманцар?

Па версіі БТ, Аляксандр Сманцар фінансуе дзейнасць Мікалая Статкевіча ў Беларусі. Бізнесмен нарадзіўся ў 1961 годзе. У "Звонку другу" сказана, што "ў Беларусі Сманцара судзілі за групавое згвалтаванне непаўналетняй". Што праўда, суд гэты адбываўся яшчэ ў СССР, у 1978 годзе, калі будучаму "кашальку апазіцыі" было 17 гадоў. Ужо ў незалежнай Беларусі бізнесмен кіраваў некалькімі буйнымі праектамі, у ліку якіх "Магнатбанк", быў акцыянерам футбольнага клуба "Дынама". Але ў 2004 годзе яго асудзілі на шэсць гадоў зняволення за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Пасля гэтага Сманцар пераехаў ва Украіну і атрымаў статус уцекача.

На сувязі Сманцара і Статкевіча пасля мітынгу на плошчы Незалежнасці 19 снежня 2010 года ўказваў Аляксандр Лукашэнка. "Статкевічам у гэты час кіравалі з Кіева. Даслоўная цытата: "Ідзі, садзіся ў прэм'ерскае крэсла і кіруй". Ён кажа: "Як сядзеш, калі не пускаюць". І пачалі ламаць дзверы", — казаў шэсць гадоў таму Лукашэнка. Тэлефонная размова, якую ён цытуе, фігуравала ў матэрыялах крымінальнай справы за арганізацыю масавых беспарадкаў, па якой Статкевіч пасля выбараў 2010 года атрымаў шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі