— Калі б мы здолелі аб’ехаць усе рэгіёны і каранавірус не перашкодзіў — я думаю, што расклад быў бы зусім іншы, — шкадуе пра перарваныя апазіцыйныя праймерыз лідар Руху “За Свабоду!” Юрый Губарэвіч. У праграме Еўрарадыё “Кандыdating” палітык пераймаецца, што, каб не выбраць Лукашэнку, беларусы могуць прагаласаваць “за каго заўгодна”, шкадуе, што замала часу праводзіць з сям’ёй, і скептычна ставіцца да інтэрнэт-рэйтынгаў Віктара Бабарыкі.
— Ёсць рэйтынгі, якія малююцца. Ну, ці хай яны сапраўдныя, на інтэрнэт-сайтах. Але няма візуалізацыі гэтай народнай падтрымкі. Няма пікетаў, няма чэргаў — тут я кажу пра Бабарыку. Можа, гэта будзе ў перспектыве...
З іншага боку, ёсць кандыдат пратэсту, які ўвасобіў, напэўна, усіх тых, каго не зарэгістравалі. Ён кажа, што выбары павінны быць адмененыя і што ў дадзенай сітуацыі іх праводзіць — гэта злачынства. Гэта пасланне Ціханоўскага. І гэтая ідэя падтрымліваецца грамадствам. Тое, што людзі выстройваліся ў чэргі, каб паставіць подпіс, — гэта флэшмоб, дэманстрацыя, што нас, незадаволеных Лукашэнкам, у Беларусі тысячы.
— Людзі зараз думаюць толькі пра адно — як скінуць Лукашэнку. У гэтым, канешне, ёсць моц сённяшняй сітуацыі, але ёсць і пэўная небяспека. Небяспека, якая з’яўляецца заўсёды падчас пераходных перыядаў, калі людзі гатовыя галасаваць за каго заўгодна, абы зрынуць тую ўладу, якая надакучыла. Але трэба думаць пра заўтрашні дзень.
— Зараз для традыцыйнай апазіцыі не самыя лепшыя часы, бо з ёй таксама звязанае назапашванне расчаравання. За 25 гадоў гэтыя людзі не змаглі, а тут з’явілася наша сонейка, надзея, і вось ён зможа. Паглядзім, што будзе праз 2-3 месяцы — зможа ці не зможа. Які будзе астаткавы рэйтынг. Мала з’явіцца — трэба нешта зрабіць. 25 гадоў апазіцыю нішчылі і пляжылі. Мы праходзілі праз затрыманні, суткі, арышты, нас звальнялі з працы і г. д. Але асноўнае, што мы назапасілі, — гэта праграмы. Канкрэтныя праграмы і стратэгіі развіцця Беларусі. Гэта тое, што можна браць адразу і выконваць.
— Без Масквы ніводныя выбары не адбываліся. Яны спрабуюць засунуць свае рукі ў далёкія дэмакратыі кшталту ЗША і ў выбары ў краінах Еўрасаюза. Наіўна думаць, што яны пакінуць у спакоі Беларусь, якая проста пад бокам нашпігаваная і спецслужбамі, і інфармацыйнымі каналамі. Тут інструментаў у іх больш чым дастаткова.
— У Гродне Ціханоўскага брутальна затрымалі, разам з ім запакавалі прыхільнікаў, пасля па ўсёй Беларусі пачалося. І цішыня. 20 чалавек знаходзіцца ў турме, і цішыня. Грамадства не ўзнялося, няма ніякага выбуху. Улада прадэманстравала, што на дадзеным этапе яна мае ўсе інструменты, каб задушыць пратэсты на самым пачатку.
— У дадзенай сітуацыі адзінае выйсце — гэта патрабаванне пераносу выбараў на перыяд пасля эпідэміі. Гэтае жаданне не менш фантастычнае, чым жаданне некага даказаць уладзе, што ён сабраў 100 тысяч подпісаў і мае права на рэгістрацыю. Але любое патрабаванне можа быць выканана, калі за ім стаіць грамадства.
— З жонкай у нас цудоўныя адносіны. Ёсць паразуменне, хаця часам сорамна, што не даю ёй столькі ўвагі, колькі патрэбна. Бо палітыка вымотвае, часам і эмацыйна. І гэта ўсё пераносіцца, бывае, і ў сям’ю. Трэба раздзяляць гэта ўсё.
— Я спадзяюся, што гэта будзе год перамен. Калі так, дык у другой палове года будзе чым заняцца. Не — гэта ўсё адно год пэўнага ўзрушэння для грамадства. Яно пачынае абуджацца ў параўнанні з палітычным зацішшам у папярэднюю пяцігодку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.