Дзяніс Івашын / hpravy.org
Пасля працяглага перапынку ў сувязі палітвязень-журналіст Дзяніс Івашын змог пагаварыць з маці. Пра гэта паведаміла жонка палітвязня Вольга на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Выявілася, што амаль два тыдні Івашын цяжка хварэў у калоніі і знаходзіўся ў медыцынскай частцы.
"Вірус настолькі моцна яго прыціснуў, што Дзяніс не меў сілы нават падняцца з лазарэтнага ложка, не тое каб напісаць нам ліст ці падпісаць паштоўку", — піша Вольга.
2 лістапада Івашын вярнуўся ў атрад, аднак дагэтуль ён вызвалены ад працы і ўсё яшчэ кепска пачуваецца. Аднак востры крызіс, паводле жонкі, яму ўдалося пераадолець.
На яе думку, злую ролю ў сітуацыі адыгралі менавіта цяжкія ўмовы ў калоніі і немагчымасць аператыўна перадаваць зняволеным неабходныя лекі і вітаміны.
Дзяніса Івашына асудзілі на 13 гадоў і 1 месяц за публікацыі пра ўкраінскіх сілавікоў, якія пасля Рэвалюцыі Годнасці перайшлі на службу рэжыму Лукашэнкі. Публікацыі грунтаваліся на звестках з адкрытых крыніц, аднак журналіста абвінавацілі ў здрадзе дзяржавы і незаконным зборы звестак аб прыватным жыцці. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут