Яўген Пыльчанка абскардзіць рашэнне аб выключэнні яго з калегіі адвакатаў

29/10/2021 - 09:51
Пасля выключэння Яўгена Пыльчанкі з калегіі адвакатаў Віктар Бабарыка застаецца без абаронцаў / naviny.online​

Яўген Пыльчанка, апошні абаронца Віктара Бабарыкі, збіраецца абскардзіць рашэнне аб выключэнні яго з Мінскай гарадской калегіі адвакатаў.

Дысцыплінарная камісія Мінскай калегіі адвакатаў напярэдадні пазбавіла Пыльчанку адвакацкага статусу за "сістэматычныя парушэнні заканадаўства".

Юрыст лічыць такое рашэнне "абсурдам" і заявіў пра намер абскардзіць яго ў Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў.

"Вельмі сумна, што адвакаты выносяць такія неабгрунтаваныя рашэнні, як і суды",цытуе Яўгена Пыльчанку агенцтва БелаПАН.

Ён нагадаў, што канчатковае рашэнне аб яго выключэнні выносіць савет калегіі. Пасяджэнне савета можа адбыцца ўжо сёння.

"Паводле новага заканадаўства, нашае адвакацкае бюро ліквідуецца, і з 1 лістапада я павінен быў ісці на працу ў юрыдычную кансультацыю. Але, напэўна, я туды не дайду", — адзначыў Яўген Пыльчанка.

Пыльчанка стаў шостым абаронцам Віктара Бабарыкі, якога пазбаўляюць адвакацкага статусу. У выніку цяпер у экс-кіраўніка "Белгазпрамбанка" і палітвязня няма ніводнага адваката. Максім Знак асуджаны на 10 гадоў, Ілля Салей з'ехаў з Беларусі, Аляксандра Пыльчанку пазбавілі ліцэнзіі больш за год таму, Дзмітрый Лаеўскі застаўся без ліцэнзіі ў ліпені 2021 года, Наталлю Мацкевіч выключылі з калегіі 25 кастрычніка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі