Ярмошына: Я не чакала такога вялікага адсотку пратэстнага галасавання

12/10/2015 - 08:56

Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына, сакратар ЦВК Мікалай Лазавік і міністр інфармацыі Лілія Ананіч правялі прэс-канферэнцыю, прысвечаную папярэднім вынікам сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў.

Вынікі, агучаныя Ярмошынай, не адрозніваліся ад тых лічбаў, якія старшыня ЦВК назвала на начной прэс-канферэнцыі. Яна ўдакладніла, што дакладныя лічбы будуць вядомыя пазней, калі прыйдуць звесткі з выбарчых участкаў, размешчаных па-за межамі Беларусі.

Старшыня ЦВК адзначыла, што нечакана вялікую колькасць набрала графа "Супраць усіх" — 6,4% па краіне, у тым ліку 20,6% у Мінску. "Я не думала, што будзе такі вялікі адсотак пратэстнага галасавання", — зазначыла Ярмошына.

Каментуючы нізкія лічбы галасавання за альтэрнатыўных кандыдатаў, кіраўніца ЦВК сказала, што ім для перамогі не хапіла палітычнай вядомасці ў грамадстве.

Журналіст Еўрарадыё Зміцер Лукашук пацікавіўся ў міністра інфармацыі, ці справядліва дзяржаўныя тэлеканалы асвятлялі ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты. У адказ Лілія Ананіч паведаміла, што нацыянальныя СМІ "ў поўным аб'ёме выканалі сваю ролю ў выбарчым працэсе".

Чыноўніца дадала, што выбары — толькі частка жыцця Беларусі. А таму "лічыць хвілінамі ці секундамі жыццё краіны — нетранспарэтна і некарэктна".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі