Ярмошына: Няма грошай на тое, каб з-за апазіцыі рабіць камісіі па 19 чалавек

15/01/2018 - 11:36

Сёлета ва ўчастковыя выбарчыя камісіі трапілі толькі 26 прадстаўнікоў апазіцыйных партый. Пры тым, што агульная колькасць сяброў такіх камісіі па краіне складае 63816 чалавек. Пераважная большасць камісій складаецца з 14 чалавек, хоць выбарчае заканадаўства дазваляе, каб у складзе камісій было да 19 членаў. Але павялічваць колькасць чалавек ва ўчастковых камісіях толькі дзеля таго, каб у іх склад уключыць прадстаўнікоў дэмакратычных сіл, немэтазгодна.

Усё таму, што фінансаванне абмежаванае, а члены камісій за сваю працу павінны атрымаць нармальны заробак, тлумачыць Еўрарадыё старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына:

 “Мы ім фінансаванне на даём на такую колькасць, 19 чалавек. Таму ніхто гэтага не хоча, бо людзі павінны капейку атрымаць. Калі мы будзем павялічваць склад камісіі да 19 чалавек, то ў такім выпадку заробак будзе ніякі. Мы даём фінансаванне толькі на 15 чалавек у Мінску і на 14 чалавек у вобласці ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. Таму яны і вызначаюць такі склад. Патрэбная эканомія, і таму ніхто не будзе рабіць 19 ― у нас каштарыс так разлічаны. Мы не можам даваць з разліку на 19 чалавек ― нам ніхто гэтых грошай не дасць”.

Тым не менш, кажа старшыня ЦВК, мясцовым уладам, якія і займаюцца фармаваннем выбарчых камісій, неабходна супрацоўнічаць з мясцовымі апазіцыянерамі. “Бо не ўсе з іх з’яўляюцца такімі ўжо складанымі і праблемнымі”, ― кажа Лідзія Ярмошына. І дадае, што адмова ва ўключэнні ў склад выбарчай камісіі можа быць абскарджаная ў судзе.

Нагадаем, скаргі ў суд на мясцовыя ўлады з-за неўключэння іх прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісій падавалі АГП і ПБНФ. Але ніводная з такіх скаргаў судамі не была задаволеная

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі