Як ставіцца да мігрантаў, якія нішчаць калючы дрот, а потым пішуць “Sorry”?

11/11/2021 - 16:08

“Бульбасрач” у беларускай інфапрасторы апошнія некалькі дзён круціцца вакол аднаго пытання: мігранты на беларуска-польскай мяжы — гэта няшчасныя ўцекачы альбо прыхільнікі “прысесці” на нямецкую грашовую дапамогу? Хто тут мае рацыю?

— Мая першая прэтэнзія [да мігрантаў. — Еўрарадыё], што гэтыя людзі дазваляюць сябе інструменталізоўваць абсалютна нялюдскаму рэжыму ў Мінску, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё заснавальнік і кіраўнік BY_help Ляксей Лявончык. — Яны плацяць рэжыму няхілыя грошы, і гэта не 300 долараў на рэйс. Таму што гэты пакет, каб трапіць да польскай мяжы, каштуе досыць шмат.

Другі мой закід у тым, што гэтыя 5-10 тысяч долараў можна было выкарыстаць на нешта лепшае. Напрыклад на легальны спосаб прыезду ці нешта больш лагічнае. Калі ты едзеш з Ірака, ты можаш паехаць у Турцыю, а адтуль ужо паспрабаваць праз Эгейскае мора трапіць. Ды можна легальна паехаць у тую ж Польшчу ці Германію, дзе зараз недахоп рабочых рук.

Ды калі б у іх яшчэ не было грошай, я б зразумеў. Але ж і беларуская дзяржава настолькі сквапная, што яна не проста хоча націснуць на ЕС, прывозячы мігрантаў, але хоча, каб мігранты за гэта ёй яшчэ і плацілі.

Беларусы таксама задаюцца пытаннем: маўляў, калі ў мігрантаў на радзіме “кулі свішчуць над галавой” і людзі сапраўды вымушаныя ўцякаць ад вайны, то чаму яны не едуць у арабскія краіны, дзе і мова зразумелая, і куды дабірацца бліжэй? Калі на тое пайшло, то чаму яны не застаюцца ў Беларусі, якая гасцінна расчыніла дзверы, а імкнуцца ў Германію?

— А ў іх не свішчуць кулі над галавой у Іракскім Курдыстане ці Пакістане. Я разумею, калі дзяўчаты бягуць з Пакістана. Але гэта не дзявочая міграцыя. Ляцяць маладыя мужыкі, якія пройдуць праз мяжу, вытрымаюць гэта ўсё і потым прывязуць сем’і. Проста для еўрапейскіх краін гэта не выглядае нармальна. Патлумачце, чаму вы едзеце з Курдыстана зараз? У мяне ёсць пытанні, чаму яны бягуць з адносна бяспечнага рэгіёна.

Байцы курдскай пешмергі / Kurdishstruggle

Беларуская дзяржпрапаганда ўзялася публікаваць фота падлеткаў і дзяцей у слязах, якія каля калючай агароджы на беларуска-польскай мяжы трымаюць плакаты з надпісамі “Sorry”. Ці праслязіцца з гэтай нагоды Еўрасаюз, не вытрымае і сядзе за стол перамоваў з Лукашэнкам?

— Ніхто не скажа пачаць перамовы з Лукашэнкам, бо ён усіх шакаваў, калі пасадзіў самалёт і пачаў пасылаць мігранцкую хвалю ў бок Еўропы, — упэўнены Ляксей Лявончык. — Пасля спробы прарыву [падзеі на мяжы 8 лістапада 2021 года. — Еўрарадыё], калі ўсе СМІ, пачынаючы ад Партугаліі, пісалі, што Лукашэнка накіраваў для прарыву ў бок Польшчы тысячу чалавек, калі польскае Міністэрства нацыянальнай абароны паказала людзей, якія кідаюць бярвенне і камяні ў польскіх памежнікаў, то наратыў змяніўся.

Голас “давайце будзем гуманнымі” стаў куды цішэйшым. У медыях усё засланіў меседж, что Лукашэнка інструменталізуе мігрантаў. У медыйнай прасторы іх амаль ужо не разглядаюць як чалавечых істотаў. І гэта ўжо праблема. Лукашэнка, па вялікім рахунку, дамогся таго, што гэтых людзей ужо не разглядаюць як людзей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі