Галоўны будынак "Парка высокіх тэхналогій". Фота: park.by
Праект "дэкрэта аб ПВТ 2.0" стаў прадметам вострай дыскусіі ў грамадстве яшчэ да апублікавання. Не ў апошнюю чаргу менавіта таму, што дакумент да гэтага часу не апублікаваны для грамадскага абмеркавання. Незалежны аналітык Сяргей Чалы лічыць гэта відавочнай прыкметай таго, што ў дэкрэта "падвойнае дно":
"Апроч усяго карыснага, хутчэй за ўсё, кантрабандай працягваецца нейкая штука, важная для абмежаванага кола асоб, якая мае вялікія шанцы быць зарубленай, калі яе выцягнуць на яркае святло".
У законе "Аб прэзідэнце Рэспублікі Беларусь", артыкулы 28-32 якога прысвечаныя прыняццю дэкрэтаў, пра гэта няма ні слова. Інакш кажучы, адказ: фармальна не павінныя.
Практыка ж паказвае, што адны дэкрэты (напрыклад, рэзанансныя дакументы аб спрашчэнні ўмоў для бізнесу або аб абароце тытунёвых вырабаў, якім плануецца забараніць курэнне на балконах і прыраўняць электронныя цыгарэты да звычайных) выстаўляюцца для грамадскага абмеркавання, а іншыя (напрыклад, "дэкрэт аб дармаедах") — не.
"Заказчыкам" дэкрэта аб перазагрузцы ПВТ выступае адміністрацыя "Парка высокіх тэхналогій". Топ-менеджар VP Capital Беларусь (якая спрыяла распрацоўцы дакумента) Мікалай Маркоўнік, абараняючы дэкрэт, заўважае, што любы ахвочы мае права звярнуцца ў Адміністрацыю ПВТ са сваімі ідэямі: "Адміністрацыя ПВТ, відавочна, будзе толькі радая новому, свежаму погляду на праект".
Маўляў, гучней за ўсіх крычаць тыя, хто нічога не робіць, а паўдзельнічаць у распрацоўцы дэкрэта нескладана — было б жаданне. Вядома ж, пасля заявы Маркоўніка знайшліся ахвочыя пазнаёміцца з праектам дакумента. Але ў адміністрацыі ПВТ ім... адмовілі!
"Мы напісалі: "Просім даць праект дэкрэта, які распрацоўваецца, для ўнясення прапаноў і заўваг". І атрымалі адказ за подпісам намесніка дырэктара ПВТ Аляксандра Марцінкевіча: "Добры дзень! Просім накіраваць свае прапановы па пытаннях, якія Вас цікавяць, альбо прапановы па вырашэнні наяўных праблем на наш адрас на info@park.by". То бок ні слова пра сам дэкрэт ён не напісаў", — распавядае Еўрарадыё прадстаўнік адной з мінскіх кампаній.
Еўрарадыё таксама звярнулася ў "Парк высокіх тэхналогій" з просьбай прадставіць тэкст праекта дэкрэта.
"Адміністрацыя перадала дэкрэт на ўзгадненне ў Савет Міністраў. Дакумент яшчэ не ўзгоднены, — адказалі нам у аддзеле маркетынгу ПВТ. — Калі гэта адбудзецца — звяртайцеся ў Саўмін, тады будзе яго афіцыйная публікацыя. А на дадзеным этапе тэкст для адкрытай публікацыі ў СМІ не перадаецца . Гэта працоўны дакумент".
У адказ на слушную заўвагу аб тым, што калі дэкрэт будзе афіцыйна апублікаваны, абмяркоўваць яго будзе ўжо позна, нам параілі звярнуцца з пісьмовымі запытамі ў адміністрацыю ПВТ і ў Савет Міністраў.
Што ж, можа, у Саўміне пашанцуе больш?
"Калі працоўны варыянт [праекта дэкрэта] не выносіцца на грамадскае абмеркаванне на pravo.by, мы яго не маем права рассылаць нікому, апрача зацікаўленых [ведамстваў]", — кажа прэс-сакратар прэм'ер-міністра Уладзіслаў Сычэвіч.
Расказаць, з якой прычыны дакумент не выстаўляецца на грамадскае абмеркаванне, Уладзіслаў Сычэвіч пагадзіўся толькі ў адказ на пісьмовы запыт.
Еўрарадыё падрыхтавала адпаведныя звароты ў адміністрацыю ПВТ і ў Саўмін.
У нефармальнай размове з Еўрарадыё вядомы прадстаўнік IT-індустрыі выступіў за грамадскае абмеркаванне праекта дэкрэта. Паводле яго слоў, нічога "кантрабанднага" ў дакуменце няма, і не зусім зразумела, чаму ўлады не хочуць выстаўляць яго напаказ:
"Мы лічым, што [праект дэкрэта] трэба публікаваць, і гэта няправільна, што яго абмяркоўваюць у закрытым рэжыме".