Сярэднія пальцы Франаку Вячорку і мора абвінавачванняў. Еўрарадыё наведала круглы стол "Сход неабыякавых" / Euroradio
У памяшканні Біблейскай царквы ў Варшаве 21 чэрвеня сабраліся беларусы, у якіх назбіраліся прэтэнзіі да Ціханоўскай. А заадно і да незалежных СМІ ў эміграцыі. Назвалі яны гэты круглы стол "Сходам неабыякавых".
Карэспандэнт Еўрарадыё Максім Камерэр пабываў на гэтай сустрэчы і распавядае, пра што казалі людзі, на што скардзіліся, што прапаноўвалі змяніць і як у канцы ўкраінскі палітык Юрый Буздуган прапанаваў беларусам у эміграцыі пазітыўную позву і намаляваў цудоўную будучыню.
Са старту мерапрыемства стала зразумела, што яго ўдзельнікі настроены рашуча і нават ваяўніча. Арганізатары запрасілі Франака Вячорку — і ён прыйшоў, хоць і не пацвердзіў прысутнасць загадзя. Вырашылі, што ён стане спікерам на першай панэлі, прысвечанай палітвязням, і выступіць перадапошнім — перад Сяргеем Бульбай.
Дарадца Ціханоўскай ветліва прыйшоў за 40 хвілін да пачатку. Хадзіў па зале, размаўляў з людзьмі. Але хмары згушчаліся.
Круглы стол пачаўся з затрымкай. Вячорка сказаў, што спазняецца на самалёт (цяпер мы ведаем, што яму трэба было вяртацца ў Вільню, каб сустракаць Сяргея Ціханоўскага і іншых вызваленых палітвязняў), і тады арганізатары далі яму выступаць першым. Літаральна праз некалькі секунд гледачы сталі ўставаць са сваіх месцаў і ў знак пратэсту разгортвацца спіной да спікера. А некаторыя, так і стоячы спіной, паказвалі ў бок сцэны сярэднія пальцы.
Выглядала гэта вельмі негасцінна. Зрэшты, Вячорка працягнуў гаварыць у цэлым разумныя рэчы пра аб'яднанне і дыялог, хоць упэўненасці ў яго голасе і паменшылася. Сяргей Бульба дэманстратыўна ўстаў і пайшоў у далёкі кут залы.
Калі колькасць спін перад вачыма Вячоркі дасягнула нейкай крытычнай лічбы, ён вырашыў прайсці ў цэнтр залы і ўсё ж гаварыць з людзьмі, гледзячы ім у вочы. Гэта выклікала новы выбух эмоцый. Пачаўся шум і гам, крыкі і абвінавачванні.
Арганізатары былі яўна разгубленыя і не ведалі, што рабіць. Прыйшоў ахоўнік, былы добраахвотнік, які заняў пазіцыю непадалёк, відавочна гатовы ўмяшацца. Франак стараўся перагаварыць людзей, якія крычалі на яго, але зразумеўшы, што гэта бессэнсоўна, аддаў мікрафон. А праз некалькі хвілін з'ехаў ад раз'юшаных беларусаў.
Выгнаўшы Франака Вячорку, гарачыя галовы трохі супакоіліся, і арганізатары адкрылі круглы стол. Выконваючы абавязкі старшыні "Народнай грамады" Яўген Вільскі паспрабаваў сфармуляваць мэты і задачы сходу і зрабіў спробу аналізу апошніх пяці гадоў.
Палітык асцярожна закінуў пробны шар, пазначыўшы мерапрыемства, як "першую спробу арганізавацца гарызантальна, не пад нейкую асобу, а пад ідэю вызвалення нашай краіны".
Вядома, не абышлося без намёкаў на тое, што каманда Ціханоўскай нічога не робіць, каб дапамагчы ў бедах палітычных эмігрантаў. Гучалі абвінавачванні на адрас Андрэя Стрыжака і Аляксея Лявончыка. Ціханоўская і Латушка нібыта скралі ўсю дапамогу заходніх партнёраў.
Часам складвалася адчуванне, што Ціханоўская павінна за чалавека вывучыць польскую мову, пайсці на Табарова і знайсці працу кожнаму.
У канцы секцыі слова ўзяў Сяргей Бульба, які вырашыў казаць не пра праблемы, а пра свае поспехі.
Без ілжывай сціпласці, ён распавёў прысутным, што дзякуючы ягонай ініцыятыве, у кааперацыі з іншымі актывістамі, "абсалютна незалежна ад усіх гэтых вячоркаў, лябедзькаў і ціханоўскіх", яны змаглі націснуць праз урад Польшчы на Кітай. Які ў сваю чаргу націснуў на Лукашэнку, і той пачаў выпускаць беларускіх палітычных зняволеных, "па 20, 30 чалавек".
Не выключана, што калі б навіна пра вызваленне Сяргея Ціханоўскага і яшчэ 13 палітвязняў прыйшлася на момант выступу спікера, то ён бы і іх палічыў.
Бульба таксама пахваліўся, што ён і ягоныя паплечнікі дамагліся таго, што "44 Нобелеўскія лаўрэаты падпісалі зварот да ўрада Беларусі".
Закрануў удзельнік у сваім эмацыйным спічы і беды беларускіх добраахвотнікаў, і пытанні дэмакратыі. Верагодна, дэмакратыі ва Украіне ці ва Узброеных Сілах Украіны.
"Дэмакратыя, якая на дадзены момант тут, гэта ўсяго толькі вітрына, так, для выгляду. Для выгляду, як і Полк Каліноўскага, каб распавядаць пра тое, як нехта пойдзе вызваляць Беларусь, але як толькі камеры выключаюцца, усе ідуць зарабляць грошы".
Успомніў ён і пра інцыдэнт, які адбыўся 20 сакавіка ва Украіне, калі туды прыехалі прадстаўнікі Офіса Ціханоўскай і праводзілі канферэнцыю з беларусамі. Паводле версіі Урбановіча, добраахвотнікі на чале з ім "былі вымушаныя ўвайсці без запрашэння, і расказаць, як яно ёсць". Дасталася і незалежным СМІ.
"Таму спадар Лябедзька, які там спрабаваў журналістам данесці, што мы нейкія не такія, ну, я не ведаю — мы жывем у розных светах. Калі б вы ўбачылі горы трупаў, горы дзяцей, якія плачуць, жанчын, паглядзелі б, як знішчаюцца гарады — паверце, вы б на гэтых прыдуркаў глядзелі зусім інакш. Лябедзька, які ўсё жыццё ікру жаваў за мяжой <...>, а тут у яго раптам нешта забалела. І ён прыехаў і крычыць, што ён прадстаўляе беларусаў. Ці тая ж Ціханоўская — дзяжурыць ля прыбіральні спадара Зяленскага, каб з ім павітацца, а потым распавядаць. Я заўважыў, што незалежныя СМІ таксама спрабуюць неяк, ну скажам так, згладзіць тыя пытанні, якія тычацца вось менавіта гэтай хеўры, ці як яе там назваць".
У канцы свайго выступу Дзяніс Урбановіч прыгразіў разабрацца з карупцыяй у Палку Каліноўскага: “Я не хачу цяпер тут паглыбляцца ў карупцыйныя схемы. Гэта, скажам так, у нас на будучыню выдзелены асобны час, таму што там давядзецца не адзін дзень распавядаць, як адбывалася карупцыя ў Палку Каліноўскага, чаму ён разваліўся і чаму там цяпер такі бардак. Хто да гэтага давёў, хто колькі скраў і чаму так атрымалася. І чаму ніхто не панёс пакарання".
Трэцяя секцыя круглага стала была прысвечана спробе асэнсавання лідэрства і даверу. Галоўнай зоркай выступу стаў блогер Сяргей Пятрухін, які абраў, мякка кажучы, дзіўную форму для гэтай сур'ёзнай тэмы.
Яго прамова месцамі нагадвала выступ стэндап-коміка, толькі жарты былі так сабе. Падтрымаўшы парыў Дзяніса Урбановіча, ён без асаблівага разварушвання перайшоў да вострых пытанняў у адрас дэмакратычных сіл у плоскасці даверу.
“І якое пытанне мяне вельмі хвалюе ў гэтай плоскасці? Вось хто такія НАУ? Хто такі АСК? Хто такая Каардынацыйная рада? [членам якой сам з'яўляецца Пятрухін, – Еўрарадыё]. Хто гэтыя людзі, якія заяўляюць, што прадстаўляюць беларусаў? Яны з'явіліся з ніадкуль. Яны што, хадзілі з людзьмі на барыкады? Не, іх там не было. Яны што, хадзілі са сцягамі? Не. Яны з'ехалі на захад і заклікалі беларусаў — шчырых беларусаў, якія хацелі адстаяць сваё права выбару, — ісці пад малаткі. Пад штрафы, пад турэмныя тэрміны. Вось. А цяпер яны лідары. Ну з чаго? З чаго яны лідэры?”
Успомніў ён і пра скандал са знікненнем спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай, і пра нейкія "наркотыкі". Адным з пасылаў яго прамовы стала пытанне зваротнай сувязі, якой, на яго думку, няма ў дэмакратычных сіл з простымі беларусамі.
Задаўся блогер Пятрухін і пытаннем, А што будзе, калі ўсе інстытуты дэмакратычнай Беларусі разам з незалежнымі СМІ, знікнуць. І сам адказаў на пытанне — беларусы гэтага не заўважаць.
Канцоўка яго выступу выйшла змазанай, але спікер шчыра прызнаўся, што ён ужо стаміўся.
Тых, хто змог даседзець да канца круглага стала, чакаў прыемны сюрпрыз у выглядзе выступу ўкраінскага палітыка Юрыя Буздугана.
У сваім спакойным выступе, які моцна кантраставаў з эмацыйнымі фантанамі папярэдніх спікераў, прадстаўнік украінскіх сацыял-дэмакратаў сказаў, што Беларусь павінна стаць часткай вольнага свету і прапанаваць сваім грамадзянам не толькі свабоду, але і лепшую якасць жыцця.
Буздуган упэўнены, што Беларусь недаацэньваюць як геапалітычнага суб'екта. І ён заклікаў беларусаў у эміграцыі не ладзіць разборак паміж сабой, а сумесна выпрацаваць новы праект развіцця краіны.
Ён распавёў пра ідэю стварэння Балта-Дняпроўскага геапалітычнага кластара, у якім Беларусь павінна заняць важнае месца.
Палітык упэўнены, што Расія прайграе гэтую вайну, яна падзе, і ў гэты момант адкрыецца шанец для Беларусі. Як ён адкрыўся для Францыі пасля паразы Трэцяга рэйха ў Другой сусветнай вайне.
Аўдыторыя слухала яго ўважліва, месцамі нават затаіўшы дыханне. Бо ён прапанаваў нам ідэю не для падзелу, а для аб'яднання. Добрае завяршэнне круглага стала неабыякавых беларусаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут