"Я бачыла крывадушнасць, хлуслівасць і фармалізм": Роза Турарбекава — пра савецкую школу

01/09/2026 - 17:26

Роза Турарбекава / Алма-Ата / facebook.com

Паліталагіня і кандыдатка гістарычных навук Роза Турарбекава падзялілася ўспамінамі пра сваю савецкую школу. У першы клас яна пайшла ў Алма-Аце ў 1977 годзе і ўспамінае школьныя гады як час, калі дзіцяці даводзілася пастаянна сутыкацца з несправядлівасцю, фармалізмам і змагацца за сваё месца.

Паводле Турарбекавай, першае сутыкненне з сістэмай адбылося ўжо 1 верасня. Ва ўзорнай школе сфармавалі чатыры першыя класы, але дырэктарцы не спадабалася такая колькасць вучняў. У выніку ўвесь клас "Г" перавялі ў іншую школу — значна далей ад дома.

"Так як у мамы не было сувязяў і наогул мяне адправілі ў "Г" клас, нас строем вывелі і адвялі ў іншую школу. Мама была ў шаленстве. Яна пайшла сварыцца, але нічога не змагла дамагчыся", — успамінае Турарбекава.

Пазней сітуацыя паўтаралася. Дзяўчынку зноў і зноў спрабавалі адправіць у самы апошні клас — туды, дзе вучыліся найслабейшыя вучні. Але сама яна лічыць, што менавіта тады навучылася адстойваць сябе.

"Да 15 гадоў я была злой, вострай на язык, разумнай і вельмі добра ведала стаўленне сістэмы да такіх, як я. Галоўнае, што я была не проста разумнай, а бачыла ўсе недахопы дарослых: крывадушнасць, хлуслівасць, фармалізм", — расказвае яна.

Пры гэтым Турарбекава асобна ўспамінае настаўнікаў, якія станавіліся для яе сапраўднай абаронай. Сярод іх — першая настаўніца Людміла Мікалаеўна і настаўнік матэматыкі Рафаэль Файзрахманавіч. Паводле слоў паліталагіні, менавіта дзякуючы некалькім педагогам школьныя гады не ператварыліся для яе ў канчатковую траўму.

Было і нацыянальнае пытанне. У школе яе спрабавалі дражніць праз тое, што яна казашка. Сама Турарбекава прызнаецца, што ў падлеткавым узросце ўспрымала сябе як "непаўнавартасную і непрыгожую" менавіта праз сваю нацыянальнасць.

Пазней школьная сістэма зноў паспрабавала паставіць ёй рамкі. Калі стала вядома, што выпускніца збіраецца паступаць на гістарычны факультэт КазГУ, яе мару сустрэлі насмешкамі. Але Турарбекава ўсё роўна падала дакументы і вытрымала конкурс — 34 чалавекі на месца!

"Паступіла дзякуючы сабе і насуперак сістэме. Як жа былі здзіўленыя ў школе", — успамінае яна.

Сваё стаўленне да савецкай школы Роза Турарбекава фармулюе вельмі жорстка:

"Я ніколі не буду сумаваць па савецкай школе. Няма ў ёй нічога добрага. Пара настаўнікаў не здольная выкупіць тое зло, якое я адчула на сабе".

Яна прызнаецца, што апошнія 20 гадоў ёй было не да ўспамінаў: увесь гэты час яна сама назірала за сістэмай адукацыі ўжо як маці. Цяпер, азіраючыся назад, Турарбекава кажа, што савецкая школа для яе — гэта не настальгія па дзяцінстве, а досвед супрацьстаяння сістэме.

"Мяне ўпарта запіхвалі ў апошні клас, у самы далёкі кут. Адтуль я выбралася дзякуючы сабе і двум-тром настаўнікам".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі