Выйшаў калядны мультфільм “Маленькая чэмпіёнка”, які і шакуе, і замілоўвае

29/12/2021 - 13:45

“Свята, свята на ўсе сто — гэта Божае Раство…” На дзіцячым ютуб-канале BAYBUS адбылася прэм’ера музычнай анімацыйнай казкі “Маленькая чэмпіёнка”. Галоўная гераіня — дзяўчынка Ніна з блакітнымі валасамі — хваліцца, што ўмее брахаць гучней за ўсіх сабак. Таксама яна лазіць па высокіх дрэвах, гамоніць і прыдумляе розныя забаўкі для сваіх сяброў Крысціны ды Ягора — наводзіць шухер на ўвесь двор. 

Аднойчы дзеці вырашаюць адсвяткаваць Каляды, і Ніна прапануе розныя сцэнары, якія, з аднаго боку, замілоўваюць, з іншага — шакуюць. Гэтая Ніна зусім не ўпісваецца ў вобраз тых паслухмяных дзяцей, якіх звычайна дарослыя ставяць у прыклад!

Адзін са стваральнікаў мультфільма расказвае Еўрарадыё, адкуль прыйшла ідэя такога незвычайнага каляднага мультфільма і чаму ён зрабіў сваю гераіню менавіта такой гарэзай.

“Жаданне напісаць калядную казку ўзнікла гады два-тры таму, — кажа наш суразмоўнік. — Я марыў, каб яна была прыгодніцкай і больш-менш вясёлай. Калі тэкст быў напісаны, узнікла ідэя зрабіць пад яго анімацыю.

Хацелася, каб настрой казкі кантраставаў з настроем традыцыйна спакойнага сямейнага свята. Галоўная гераіня атрымалася шумнай, вясёлай ды хуліганістай”.

Некаторыя выхадкі Ніны кагосьці з гледачоў абавязкова збянтэжаць, і, можа, вам нават захочацца запытацца: чаму гэтая казка вучыць дзяцей? Напрыклад, напярэдадні Калядаў дзяўчына раптам захворвае. Каб сябры ўсё ж адсвяткавалі Каляды як мае быць, яна тэлефануе Ягору і вучыць яго, як упрыгожыць хату: “Пачакай, калі твае бацькі пойдуць на працу, а пасля намалюй на сцяне калядную зорку. Кватэру падмятаць і мыць не трэба. Проста насып на падлогу снег. Снег белы і прыгожы!” 

Ягор рыхтуецца да Калядаў / скрыншот с мультфільма

“Так, хацелася, каб Ніна была не маралізатарскай, а гарэзлівай і вясёлай, — не здаецца аўтар. — Для мяне было важна паказаць такую гераіню, якая не ўпішацца ў межы добра выхаванай дзяўчынкі, а будзе такой маленькай крэатыўнай разбойніцай. Я вырашыў, што трэба нагадаць і сабе і дзецям, што людзі бываюць рознымі, а творчасць часам патрабуе ахвяраў”.

Калі Ніна лётае па пад’ездзе, мы заўважаем на сцяне надпіс Sex Pistols — назву брытанскага панк-рок-гурта, утворанага ў 1975 годзе ў Лондане. У канцы 90-х аналагічных надпісаў было шмат у мінскіх пад’ездах і яны нікога не здзіўлялі. Моладзь слухала гурт, а ў модзе нефармалаў былі байкі з яго лагатыпам. 

Ніна / скрыншот з мультфільма

Сучасныя ж дзеці, пабачыўшы такі надпіс у мультфільме, хутчэй за ўсё, пачнуць адразу пытацца, што ж такое Sex Pistols. Таксама цікава, што ў пакоі над ложкам Ніны вісяць плакат кінастужкі “Тытанік” 1997 года, рэпрадукцыя карціны Марка Шагала і партрэт “Ева” Хаіма Суціна. А па двары дзяўчыны часам бегаюць людзі ў чорным. Навошта было столькі ўсяго намешваць?

“Мы наўмысна пакідалі такія культурныя спасылкі, каб і дарослыя, якія будуць глядзець мультфільм з дзецьмі, змаглі атаясамліваць сябе з гэтай казкай, прыгадаць сваё юнацтва ды ўсміхнуцца, — тлумачыць суразмоўца. — Ніна жыве ў старым доме, дзе яшчэ не ўсе сцены замалявалі, а капрамонт яшчэ не адбыўся”. 

Аўтар дадае, што вельмі хоча, каб дарослыя не пужаліся, калі іх дзеці растуць не зусім паслухмянымі. На яго думку, дзяцінства  — гэта і ёсць той самы час, калі ты можаш бегаць па двары, лазіць па дрэвах, падаць, куляцца праз галаву ды весяліцца з сябрамі, прыдумляць дражнілкі, спяваць гучна песні, цікавіцца нечым незвычайным. Маўляў, дзяцінства прадугледжана і для гэтага.  

“Для мяне важна, каб усе разумелі, што дзіця — гэта сфармаваная асоба, якая мае права ў тым ліку і на нейкія памылкі, а не толькі быць выдатнікам ці выдатніцай”, — дадае суразмоўца.  

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі