Вельмі кароткі агляд падзей у свеце / калаж Еўрарадыё
Калі ўвесці гандлёвае эмбарга, што наступіць раней: голад або дэмакратыя? Адказвае Куба.
Як вялікая палітыка можа паўплываць на твае асабістыя запасы мармеладных мішак? Адказвае Вялікабрытанія.
Амерыканцы ж раскажуць, чаму нельга выпускаць сваю акварыумную залатую рыбку ў возера. Шок-кантэнт.
Тысячы кубінцаў у нядзелю выйшлі на вуліцы, пратэстуючы супраць нястачы ежы і лекаў. Прэзідэнта Мігеля Дыяс-Канеля яны заклікалі пайсці ў адстаўку.
Але кіраўнік дзяржавы звярнуўся да народа па нацыянальным тэлебачанні і расказаў: прычына эканамічных цяжкасцяў — санкцыі ЗША.
Зразумець яго рыторыку нескладана: адміністрацыя Трампа прыняла адны з самых жорсткіх эканамічных мер супраць Кубы за апошнія дзесяцігоддзі. Адміністрацыя Байдэна пакуль не плануе іх адмяняць.
Прэзідэнт Мексікі Андрэс Мануэль Лопэс Абрадор ужо заклікаў ЗША прыпыніць гандлёвае эмбарга ў дачыненні да Кубы ў якасці гуманітарнага жэсту. Блакіроўку ён назваў такой, якая супярэчыць правам чалавека.
Прэс-сакратарка Белага дома Нэнсі Пэласі сказала, што Штаты працягваюць падтрымліваць краіну гуманітарнай дапамогай і медыкаментамі. І дадала: пра планы па змяненні палітыкі ёй сказаць няма чаго.
Дзяржсакратар Энтані Блінкен заявіў, што для кубінскага ўрада было б сур'ёзнай памылкай вінаваціць ЗША ў тым, што адбываецца ў дзясятках гарадоў па ўсім востраве.
Але пакуль палітыкі разважаюць пра тое, хто вінаваты ў тым, што адбываецца на Кубе, прэзідэнт заклікаў сваіх прыхільнікаў выйсці на вуліцы. І фізічна супрацьстаяць пратэстоўцам.
І гэта таксама звязана з Brexit.
Такім чынам, жэлацінавыя мішкі Haribo могуць не даехаць з Германіі да Вялікабрытаніі. Гэта частка большай праблемы: праз пандэмію і Brexit краіна сутыкнулася з нястачай кіроўцаў велікагрузаў.
Многія з іх, піша ВВС, былі грамадзянамі ЕС. Асабліва шмат кіроўцаў былі родам з Балгарыі і Румыніі. З пачаткам пандэміі яны вярнуліся ў свае краіны. І не прыехалі назад. І сярод прычын — Brexit.
З 1 студзеня на грамадзян ЕС распаўсюджваецца новая іміграцыйная сістэма. Прыярытэт — высокакваліфікаваным спецыялістам. Кіроўцы фур у гэты пералік прафесій не ўваходзяць.
Брытанскі МУС ужо параіў зрабіць стаўку на мясцовых жыхароў, а не чакаць кіроўцаў з-за мяжы.
І вось навука: хто зусім не цікавіцца вялікай палітыкай, застанецца без мармеладных мішак Haribo!
Прэзідэнт МАК Томас Бах сказаў, што Токіа падрыхтаваўся да Алімпіяды лепш за ўсе гарады, якія калі-небудзь прымалі Гульні.
Шкада, што мала хто гэта ўбачаць. У сталіцы аб'яўлена надзвычайная сітуацыя праз каранавірус. Каб мясцовыя жыхары ўтрымаліся ад вечарынак з нагоды Гульняў, у горадзе забароняць прадаваць алкаголь.
Да цырымоніі адкрыцця Гульняў застаецца крыху больш за тыдзень. Ужо адкрылася Алімпійская вёска, дзе большасць спартсменаў спыніцца ў час Гульняў. Ацэнім алімпійскі Токіа на дыстанцыйцы — гэтага ў нас не адбяруць.
А ў спартсменаў не адбяруць Алімпіяду:
"Мы, МАК, ніколі не кінем спартсменаў, і з адменай Гульняў мы б страцілі цэлае пакаленне спартсменаў. Таму адмена для нас не была варыянтам", — цытуе Баха РІА Новости.
У амерыканскім штаце Мінесота папрасілі мясцовых жыхароў не адпускаць сваіх акварыумных рыбак у дзікую прыроду. Бо рыбкі, можа, і выжывуць, а вось прырода гэтага можа не перажыць.
Горад Бэрнсвіл падзяліўся фотаздымкамі, на якіх зняты залатыя рыбкі — монстры. У хатнім акварыуме ваша рыбка вырастае да пяці сантыметраў у даўжыню. А вось у што яна можа ператварыцца ў дзікай прыродзе:
Гэтыя гіганты на волі яшчэ і размнажаюцца вельмі хутка. У суседнім штаце летась з ручая вылавілі 50 тысяч залатых рыбак!
Так што, калі ў вас больш няма магчымасці трымаць акварыум з рыбкай, знайдзіце для яе добрыя рукі.
Дарэчы, Еўрарадыё шукае добрыя рукі для нашай рэдакцыйнай коткі Уршулі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут