Выбух у кавярні Прыгожына і важны тыдзень для Украіны — 404-я раніца вайны

03/04/2023 - 07:14
Кавярня, дзе адбыўся выбух / @fontankaspb

Колькасць пацярпелых пры выбуху ў кавярні ў Санкт-Пецярбургу ўзрасла да 32 чалавек. З іх 24 чалавек шпіталізаваныя, 10 — знаходзяцца ў цяжкім стане. Пра гэта піша агенцтва РИА Новости са спасылкай на прэс-службу Міністэрства аховы здароўя Расіі.

Выбух прагрымеў учора ўвечары ў кавярні, якая належыць фінансісту групы "Вагнер" Яўгену Прыгожыну. У выніку выбуху загінуў расійскі ваенкор Уладлен Татарскі — той самы, які на прыёме ў Уладзіміра Пуціна ў верасні 2022 года, калі было абвешчана аб анэксіі ўкраінскіх тэрыторый, казаў: "Усіх пераможам, усіх заб'ём, усіх, каго трэба, абрабуем. Усё будзе так, як нам падабаецца".

Выбухоўка, як мяркуецца, была закладзена ў падарунку — статуэтцы, якую Татарскаму перадала дзяўчына. Піцерскія СМІ называюць яе імя — Дар'я Трэпава. Ноччу ў кватэры дзяўчыны прайшоў ператрус, яе дома не было. Сілавікі павезлі з сабой сваячку, як мяркуецца, маці Дар'і. Baza піша, што Трэпава не затрыманая. Яе шукаюць разам з мужам — Дзмітрыем Рылавым. Іх абодвух падазраюць "у саўдзеле ў забойстве ваенкара ў кавярні Пецярбурга".

Дзяўчыну, якая перадала Татарскаму статуэтку, шукаюць / @fontankaspb

Забойства ВладленаТатарского ў бары Яўгена Прыгожына, верагодна, з'яўляецца "часткай больш маштабнай схемы эскалацыі ўнутраных канфліктаў у Расіі з удзелам Прыгожына і Вагнера", лічаць эксперты Інстытута вывучэння вайны (ISW). Раней у гэты ж дзень Татаскі быў на іншым мерапрыемстве, і яно прайшло без інцыдэнтаў. "Падобна на тое, што напад было наўмысна арганізавана ў памяшканні, якое належыць Прыгожыну", адзначаюць у ISW. У Кіеве таксама кажуць, што смерць ваенкора стала вынікам унутраных палітычных разборак. Пра гэта ў прыватнасці заявіў дарадца офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк.

Забойства Татарскага, магчыма, было задумана "як папярэджанне Прыгожыну, які ўсё часцей ставіць пад сумнеў асноўныя тэзісы Крамля пра вайну ва Украіне і нават ускосна сігналізуе пра цікавасць да расійскага прэзідэнцтва, няхай гэта будзе ў канкурэнцыі з Пуціным або ў якасці яго пераемніка", гаворыцца ў справаздачы Інстытута вывучэння вайны.

Тым часам сам Прыгожын ноччу апублікаваў заяву з Бахмута. Паводле яго слоў, "2 красавіка 2023 года, 23:00. Мы ўзнялі расійскі сцяг з надпісам "Уладлену татарскаму добрая памяць" і сцяг ПВК "Вагнер" на гарадской адміністрацыі Бахмута". Прыгожын лічыць, што "юрыдычна" горад узяты, хоць "у заходніх раёнах засяроджаны праціўнік".

Намеснік міністра абароны Украіны Ганна Маляр учора ўвечары казала, што сітуацыя ў Бахмуте застаецца вельмі напружанай. Расія прадпрымае спробы задзейнічаць не толькі "вагнераўцаў", але і прафесійныя падраздзяленні дэсантнікаў.

"Надмерна высокія страты асабовага складу ворага не спыняюць. Рашэнні прымаюцца эмацыйна. Нашым абаронцам даводзіцца ў складаных умовах спыняць прасоўванне праціўніка. Але кожнае наша ваеннае рашэнне і кожны крок з'яўляюцца ўзважанымі", напісала Маляр у Telegram.

Сітуацыя ў Бахмуце / understandingwar.org

У Генштабе УСУ кажуць, што за мінулыя суткі Сілы абароны адбілі больш за 70 нападаў праціўніка. У эпіцэнтры баявых дзеянняў застаюцца Бахмут, Аўдзееўка і Мар'інка. "На Бахмуцкім кірунку вораг не спыняе штурмаваць Бахмут, спрабуе ўзяць яго пад поўны кантроль. Нашы воіны адбілі больш за 20 варожых нападаў. Таксама нашы абаронцы адбілі атакі акупантаў у раёне населенага пункта Іванаўскае", — адзначылі ў Генштабе.

Гэты тыдзень будзе асабліва важны для абароны і руху да перамогі Украіны. Пра гэта напярэдадні заявіў у відэазвароце прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

"Ужо рыхтуемся да запланаваных падзей і рашэнняў. Галоўнае цяпер — берагчы наша адзінства, клапаціцца пра нашых абаронцаў,  дапамагаць адзін аднаму і дзяржаве", — падкрэсліў украінскі прэзідэнт. Зяленскі казаў і пра ўчорашнія расійскія абстрэлы Сумскай вобласці, а таксама і Канстанцінаўкі ў Данецкай вобласці. Спыніць такія абстрэлы, з ягоных слоў, можна толькі адным спосабам — забяспечыўшы вайсковую перамогу Украіны.

"Ніякага іншага шляху няма і не будзе. Дзяржава-зло павінна быць разбіта. Ва ўсіх сэнсах гэтага слова", — падкрэсліў Зяленскі. У выніку абстрэлу Канстанцінаўкі ўчора загінулі 6 чалавек, яшчэ 11 пацярпелі.

Нямецкі канцэрн Rheinmetall будуе цэнтр тэхнічнага абслугоўвання і лагістыкі ў Румыніі, недалёка ад мяжы з Украінай. Там будуць рамантаваць заходняе ўзбраенне для ўкраінскай арміі. Пра гэта піша нямецкі тэлеканал N-tv са спасылкай на прадстаўнікоў канцэрна. Але перш у хабе будуць захоўвацца ў баяздольнасці заходнія баявыя комплексы для Украіны, такія як Leopard 2. Пачатак працы цэнтра запланаваны на красавік.

Урад Нідэрландаў акажа Украіне падтрымку ў аднаўленні крытычнай інфраструктуры і ўсебаковую дапамогу ў сферы бяспекі і гуманітарнай сферах. Пра гэта заявіла міністр эканомікі Украіны Юлія Свірыдзенка па выніках сустрэчы з міністрам фінансаў Нідэрландаў Сігрыд Кааг. Свірыдзенка адзначыла, што ў гэтым годзе Украіне трэба 14 млрд даляраў, каб пакрыць найважнейшыя патрэбы ў аднаўленні жылля, сацыяльнай інфраструктуры, школ, бальніц, дзіцячых дамоў, а таксама аднаўленні бізнесу і стварэнні ўмоў для яго працы. Усяго ж, па дадзеных Сусветнага банка, патрэбы Украіны на аднаўленне складаюць 411 мільярдаў даляраў, нагадвае Hromadske.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі