Вядучы праграмы “Контуры” на АНТ падпрацоўвае на расійскім тэлеканале

22/04/2016 - 12:21

“Твар тэлеканала” АНТ Ілля Коласаў рэгулярна аглядае палітычныя падзеі ў Беларусі для расійскага тэлеканала RTVI, які, дарэчы, крытыкуе дзейную ўладу суседняй краіны.

Паводле беларускіх законаў, працаваць на замежныя СМІ можна толькі з адпаведнай акрэдытацыяй Міністэрства замежных спраў. Тое, што гэта расійскае СМІ, не мае значэння.

“Для супрацоўніцтвам з расійскімі СМІ таксама патрэбная акрэдытацыя, як і з любымі іншымі замежнымі СМІ, — каментуюць Еўрарадыё ў прэс-службе МЗС. — Не зважаючы на саюзную дзяржаву. Нават для разавых матэрыялаў яна патрэбная”.

Больш за тое! Паводле закона, журналіст, які мае акрэдытацыю на тэрыторыі Беларусі ад замежнага медыя, не мае права працаваць журналістам на іншыя СМІ. Адпаведна, нават калі ў Іллі Коласава ёсць акрэдытацыя ад RTVI, то ён не мае права працаваць… на АНТ. Але гэта адбываецца, а значыць, вядучы “Контураў”, магчыма, парушае закон.

“Я не выключаю, што гэта нейкія архіўныя матэрыялы, — здзіўляецца пытанню Еўрарадыё дырэктар дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання тэлеканала АНТ Руслан Паддубскі. — Калі вы ведаеце, то папярэдняе месца працы ў яго было на гэтым канале (RTVI). Ён узначальваў карпункт у Берліне. Але цяпер у яго ніякіх штатных адносінаў там няма, ён працуе ў нас. Думаю, што ў тых сюжэтах, пра якія вы кажаце, яго выкарыстоўвалі, як экспертнае меркаванне, і размова не вялася пра тое, што ён нейкі штатны аглядальнік і гэтак далей”.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі