Іерэй Аляксандр Богдан / "Фэйсбук"
Іерэй Аляксандр Богдан, святар з Ваўкавыска, якому раней вынеслі папярэджанне за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу, восьмага кастрычніка быў дастаўлены ў РАУС Ваўкавыска. Гэтым разам ужо без папярэджання — на бацюшку склалі пратакол па артыкуле 23.34 КаАП. Айцец Аляксандр здзівіўся: пасля вераснёўскага інцыдэнту, калі ён усклаў кветкі да музея Баграціёна ў памяць пра дырэктара Канстанціна Шышмакова, які загінуў пасля выбараў, у масавых мерапрыемствах ён не ўдзельнічаў. Аказалася, што знайшліся відэа і фота, датаваныя... шаснаццатым жніўня, дзе святар зняты побач з пратэстоўцамі. Гэта і паслужыла падставай для складання адміністрацыйнага пратакола.
Але ёсць яшчэ момант. У нядзелю, 4 кастрычніка, у ваўкавыскім прыходзе Святых Мяфодзія і Кірыла прайшло набажэнства за ўсталяванне міру на беларускай зямлі. Людзі, якія выходзілі з храма, убачылі міліцыянераў. Пачаліся затрыманні. Пра тое, што адбылося, святар выказаўся ў размове з Еўрарадыё. Гэта інтэрв'ю і стала, на яго думку, прычынай адміністрацыйнай справы.
— Ваша інтэрв'ю вельмі раззлавала нашых [ваўкавыскіх . — Еўрарадыё] супрацоўнікаў РАУС — гэта не толькі маё меркаванне, гэта меркаванне многіх гараджан, — расказвае Аляксандр Богдан. Пра тое, як адбывалася затрыманне, іерэй падрабязна напісаў на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку".
— Восьмага кастрычніка прыкладна ў 10:00 у дзверы пазванілі двое мужчын і назваліся міліцыянерамі. Пасведчанні не паказалі. Дома былі толькі жонка і дзеці. Я ў гэты час служыў літургію ў Свята-Петрапаўлаўскім саборы. Пасля літургіі ў храм зайшлі двое мужчын, якія таксама прадставіліся, што яны з міліцыі, але пасведчанні пры гэтым не паказалі. Сказалі, што іх начальнік хоча пагаварыць са мной наконт падпалаў, якія адбыліся ў Ваўкавыску раней. Прапанавалі падвезці на сваёй службовай машыне. Перад тым як сесці да іх у машыну, я патэлефанаваў свайму благачыннаму іерэю Аляксандру Юзвэ і сказаў свайму настаяцелю архімандрыту Васілю (Коржычу), які быў у храме, што мяне вязуць у РАУС.
Па словах Аляксандра, крыху пазней ён зразумеў, што выклікалі яго не дзеля разбору па справе аб падпале, а каб скласці пратакол.
— Па дарозе я яшчэ пажартаваў: "Вы мяне пад канвоем дастаўляеце?" Мне адказалі: "Ну што вы? Канвой — гэта калі арышт. Нам проста сказалі даставіць вас". Завялі мяне ў 116-ы кабінет, у якім на мяне складалі пратакол раней. Прапанавалі сесці на крэсла і пайшлі. Тэлефон адабралі на ўваходзе і праверылі металашукальнікам. Я прачакаў паўгадзіны. Супрацоўнікі заходзілі і выходзілі са 116-га кабінета. Тыя, што мяне ведалі, віталіся са мной і пыталіся, што я там раблю. Я адказваў, што са мной хочуць паразмаўляць наконт падпалу. Лейтэнант Бойка ў гэты час прысутнічаў у кабінеце і чуў, што я казаў.
Не дачакаўшыся супрацоўніка РАУС, іерэй сабраўся ісці, забраўшы на вахце тэлефон, але дзе там.
— Адразу патэлефанаваў благачыннаму і стаў тлумачыць, што і як. Мяне дагнаў лейтэнант Бойка:
— Куды вы ідзяце?!
— Дадому.
— На вас заведзена адміністрацыйная справа па артыкуле 23.34 за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.
— Мяне ўжо за гэта судзілі.
— Гэта іншае.
— Вы што, здзекуецеся?
— Вы затрыманыя.
— Позву пакажыце.
— Усё, хадзем. Вы затрыманыя.
У кабінеце лейтэнант Бойка паказаў мне справу і паказаў на фота, спытаўшы:
— Гэта вы?
— Падобны да мяне...
— Значыць, з пратаколам не згодныя? — спытаў Бойка.
— Вядома не! — адказаў я.
Як сцвярджае Аляксандр Богдан, мітынг быў дазволены. Але ў міліцыі з гэтым не пагадзіліся.
— Я спытаў, ці не той гэта мітынг, на які даў дазвол наш мэр Сіцько? Справа ў тым, што 14 жніўня людзі велізарным натоўпам падышлі да будынка мясцовага райвыканкама. Да людзей на ганак выйшаў мэр, і ўсе чулі, што дадзены дазвол на мітынгі. Бойка растлумачыў, што будзе папера з райвыканкама, якая пацвярджае, што ў той дзень дазволу на мітынг не было. Потым ён спытаў мяне, ці хаджу я на судовыя разборы? Я адказаў, што хадзіў падтрымаць свайго знаёмага Вадзіма Арцюнова, які прыходзіў у суд падтрымаць мяне. Я праявіў элементарную салідарнасць. Яшчэ я спытаў:
— Хіба я гэтым парушыў нейкі закон?
— Не. У нас усе пасяджэнні праходзяць адкрытыя.
Бойка абвясціў мне, што ў мяне паўторнае парушэнне. Я спытаў, як яно можа быць паўторным, калі мітынг 16 жніўня быў раней за мітынг, які прайшоў 13 верасня. Бойка даў няясныя тлумачэнні.
— Пратрымаўшы мяне ўвогуле каля дзвюх з паловай гадзін, мне пачалі даваць на подпіс паперы. Пратакол быў надрукаваны не на спецыяльнай паперы. Я гэтым абурыўся. Бойка растлумачыў гэта тым, што папера тонкая і прынтар дрэнна друкуе. Я сказаў, што нічога не ведаю — мінулы раз усё друкавалася. У выніку мне далі толькі копію пратакола на спецыяльнай паперы, а арыгінал быў надрукаваны на звычайнай белай паперы.
Я напісаў: "З пратаколам не згодны". На пратаколе Бойка ручкай дапісаў: "вул. Сацыялістычная" і сказаў, каб я дапісаў: "Са зменамі азнаёмлены". Бойка растлумачыў, што гэта датычыцца дапіскі адносна "вул. Сацыялістычнай".
Крыху ніжэй у тлумачэнні да пратакола я напісаў: "Правы і абавязкі растлумачылі ў самым канцы, права на абарону не далі і нават не прапанавалі заключэнне, фота- і відэаэкспертызы мне не далі".
Пасля гэтага настойлівы праваахоўнік яшчэ раз наведаў святара, каб уручыць зменены пратакол.
— Я спытаў: "А калі не вазьму?"
— Ну, я тады зраблю фота, што вам аддаваў.
Тут жа Бойка дастаў тэлефон і стаў фатаграфаваць сваю паперу на фоне мяне. Я сказаў яму:
— Вы страцілі ўсякі давер да вас з майго боку. Не хачу з вамі больш ні пра што размаўляць. Вы яшчэ здзіўляецеся, чаму расце людская нянавісць да вас?
— А вы не заклікайце.
— Вы хоць раз чулі ад мяне хоць бы нешта падобнае?
Бойка стаў нешта незразумелае гаварыць зусім не па тэме.
— Адказвайце на маё пытанне! — настойваў я. — Ці чулі вы хоць раз, каб я заклікаў вас ненавідзець?
— Гэта меркавана, — адказаў Бойка.
Пасля гэтага ён пачаў маліць узяць мяне "копію пратакола". Калі я заўважыў, што ў "копіі" адсутнічае часціца "не" перад словам "згодны" і ў выдадзенай "копіі" напісана, што я нібыта з пратаколам згодны, у мяне тады канчаткова знікла жаданне браць гэту паперу. Яна засталася ляжаць на падаконніку перад уваходам.
Прадстаўнікі БПЦ кажуць, што сочаць за сітуацыяй.
— Мы ставімся да гэтага з трывогай, таму што святар павінен служыць і мець зносіны з людзьмі, стаяць каля прастола. Айцец Аляксандр вядзе актыўную работу з людзьмі, прапаведуе, сустракаецца, размаўляе. Ён вядзе прапаведніцкую дзейнасць, нясе сваё пастырскае служэнне. Было б добра, каб ён і далей працягваў прапаведаваць сярод людзей і ніхто не перашкаджаў бы яму ў гэтым, — кажа намеснік старшыні сінадальнага аддзела БПЦ протаіерэй Аляксандр Шымбалёў.
— Для таго каб неяк каментаваць, трэба мець падрабязную інфармацыю. Сам айцец Аляксандар кажа, што ён не вінаваты. Натуральна, што мы схільныя верыць яму. Як яно на самай справе — няхай вырашыць суд. Гэта дзіўна, вядома, што да святароў робяцца такія захады, непрыемна, — выказваецца кіраўнік інфармацыйнага аддзела Гродзенскай епархіі дыякан Дзмітрый Паўлюкевіч. — Я не магу сказаць дакладна, як цяпер адрэагуе афіцыйнае кіраўніцтва. Але для сябе я дакладна вырашыў: калі айцец Аляксандр садзіцца на суткі, то я бяру адпачынак, бяру намёт і еду спаць побач з тым месцам, дзе ён адбывае гэтыя суткі. Каб ён ведаў, што ён не адзін, што ёсць побач хтосьці, хто спрабуе хоць бы такім чынам падзяліць яго лёс, дапамагчы яму малітоўна і проста прысутнічаючы побач.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.