Вайсковага пенсіянера, які забіў рабочага "Беларуськалія", асудзілі на 10 гадоў

25/11/2020 - 15:18

Салігорскі суд прызнаў вайсковага пенсіянера, вартаўніка Салігорскага КДБ Леаніда Штайду вінаватым у забойстве супрацоўніка "Беларуськалія" Генадзя Кісяля

Суд прызначыў Штайду 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

На карысць жонкі і дзяцей пацярпелага Штайда павінен заплаціць кампенсацыю маральнай шкоды ў 150 тысяч рублёў і матэрыяльную шкоду ў 3802 рублі 89 капеек.

Як распавядала Еўрарадыё, Штайда і Кісель не былі знаёмыя асабіста, але спрачаліся ў сацсетках. Штайда абараняў цяперашнюю ўладу, Кісель меў іншыя погляды. 12 жніўня яны выпадкова сустрэліся каля будынка КДБ, пасварыліся — і Штайда стукнуў апанента садовымі нажніцамі ў шыю. 

На судзе вайсковы пенсіянер казаў, быццам абараняўся ад нападу. Але высновы судмедэкспертаў абверглі ягоныя словы.

Дарэчы, пракурор прасіў для Штайды толькі сем з паловай гадоў пазбаўлення волі — з улікам таго, што пасля ўдару нападнік спрабаваў дапамагчы сваёй ахвяры.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі