Ва Украіне праходзяць датэрміновыя парламенцкія выбары

21/07/2019 - 12:38

Ва Украіне сёння праходзяць датэрміновыя парламенцкія выбары. Новы склад Вярхоўнай Рады мусілі абіраць сёлета 27 кастрычніка, аднак новы прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі распусціў Раду адразу пасля сваёй інаугурацыі. Фармальная падстава — адсутнасць парламенцкай кааліцыі, паведамляе Громадське.

Выбары ва Украіне адбываюцца паводле змяшанай сістэмы: 225 дэпутатаў абіраюць з партыйных спісаў і астатніх —  у акругах, паводле мажарытарнай сістэмы. У кабінках для галасавання выбаршчыкам прапануюць два бюлетэні —  са спісам партый і з кандыдатамі ад акругі.

Усяго ў Радзе павінна быць 450 месцаў, але праз акупацыю часткі тэрыторыі краіны засталося 199 аднамандатных акругаў, а не 225, таму ўсяго ў парламент пройдзе 424 кандыдаты.

ЦВК Украіны зарэгістраваў 21 партыю, якія вылучаюць сваіх кандыдатаў. Раней сацыялагічныя апытанні давалі найбольшыя шансы 5 партыям — “Слуга народу” (партыя Зяленскага), “Апазіцыйная платформа —  За жыццё”, “Еўрапейская салідарнасць”, “Усеўкраінскае аб’яднанне “Бацькіўшчына”, “Голас”. Пры гэтым партыя “Слуга народу” з’яўляецца безумоўным лідарам і сацыёлагі даюць ёй каля 50% галасоў выбаршчыкаў.

На дадзены момант яўка на парламенцкія выбары перавысіла 20%.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі