Улаховіч: У мяне восем казакоў зрабілі нябесную сотню, я іх выключыў

18/09/2015 - 05:58

Кандыдат у прэзідэнты Мікалай Улаховіч правёў 17 верасня сустрэчу з выбаршчыкамі. Падчас гэтай сустрэчы ён зрабіў шэраг заяваў, у якіх адлюстраваў сваё стаўленне да важных палітычных і эканамічных праблемаў.

Напрыклад, у жыллёвай палітыцы атаман беларускіх казакоў выступае за захаванне льготных крэдытаў і лічыць, што іпатэка не пасуе Беларусі. Апроч таго, ён падтрымлівае ідэю арэнднага жылля і мяркуе, што рэальны кошт квадратнага метра жылля ў нашай краіне ўтрая ніжэйшы за той, які выстаўляюць.

Таксама атаман Улаховіч выказаўся за закрыццё або перапрафіляванне стратных прадпрыемстваў, кшталту дывановых камбінатаў у Брэсце і Віцебску.

Згадваючы кантакты з беларускімі апазіцыянерамі, Улаховіч сказаў, што некаторыя з іх не цікавяцца нічым, апроч як “з міліцыяй “патасавацца” і кроў атрымаць”. Кандыдат у прэзідэнты закрануў і тэму ўкраінскага крызісу: “У мяне восем казакоў зрабілі сотню нябесную, я іх адразу выключыў з казацтва. Тыя, якія ў ЛНР і ДНР хацелі, я іх таксама...” — сказаў Улаховіч.

Што да дзвюхмоўя, якое склалася ў Беларусі, то Улаховіч заклікаў “не моднічаць, паказваючы веданне беларускай, а развіваць мову і культуру”. Ён таксама лічыць, што аддзяленне беларускай культуры ад рускай абядняе нацыянальную культуру. “Ну як мы можам цяпер раздзяліць гэтыя тры народы, тры галіны? Што мы будзем рабіць без Льва Талстога і гэтак далей?” — цытуе Улаховіча БЕЛТА.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі