Уладзімір Макей заклікаў ЕС не ўводзіць санкцыі супраць кіраўнікоў Беларусі

21/08/2020 - 13:10

Міністр замежных спраў Уладзімір Макей заклікаў Еўрасаюз не ўводзіць санкцыі супраць беларускага кіраўніцтва. Пра гэта гаворыцца ў яго адкрытым лісце да міністраў замежных спраў краін ЕС. 

Кіраўнік беларускай дыпламатыі адзначыў, што сёння не 2010-ы і нават не 2015 год, і заклікаў усіх кантактаваць з рэальнасцю.

"У нас далёка не заўсёды і не ва ўсім супадаюць падыходы. Але пры першых сур'ёзных выпрабаваннях для станаўлення нашай краіны вы зноў адразу заклікаеце да санкцый. Гэтым па сутнасці вы пацвярджаеце правату тых, хто не верыць у нашу суверэнную здольнасць выбудаваць раўнапраўныя і выгадныя ўсім бакам адносіны з вашымі дзяржавамі", — піша Макей.

Ён падкрэслівае, што гэта не першыя санкцыі ў гісторыі Беларусі: "І наша гісторыя на гэтым не скончыцца. Мы іх пройдзем гэтак жа, як і папярэднія. Вынік іх дзеянні вам вядомы. Усе разам мы дакладна страцім час"

Па словах Макея, Беларусь праходзіць балючы этап нацыянальнага сталення і мае складаную сітуацыю. "Дайце і нам яго прайсці. Лепш з вашай дапамогай, але без спробаў прымусу з выкарыстаннем палітычных, фінансавых і іншых відавочных рычагоў. Прашу дараваць, але мы не зможам гэта разглядаць інакш, як нядобразычлівыя дзеянні, якія наносяць шкоду суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, і не зможам гэта пакідаць без процідзеяння", — заявіў міністр.

Ён заявіў, што нармальныя, добрасуседскія, цывілізаваныя міждзяржаўныя адносіны — у інтарэсах усіх: і Беларусі, і Еўропы, і ўсёй Еўразіі. 

На саміце кіраўнікоў краін ЕС днямі было прынятае рашэнне не прызнаваць афіцыйныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Акрамя таго, ЕС вырашыў прыняць санкцыі супраць кіраўнікоў Беларусі, адказных за гвалт супраць мірных пратэстоўцаў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі