Уладзімір Макей расказаў пра вынік Мінскіх пагадненняў для Беларусі

11/02/2016 - 07:46

Дзякуючы Мінскім пагадненням заходнія палітыкі змянілі свой погляд на нашу краіну. Такое меркаванне выказаў міністр замежных спраў Уладзімір Макей на міжнароднай канферэнцыі "Мінскія пагадненні праз год: дасягненні, выклікі, урокі". Мерапрыемства з удзелам міжнародных экспертаў з краін нарманскай чацвёркі (Расія, Украіна, Францыя, Нямеччына) праходзіць у чацвер у мінскім гатэлі "Рэнесанс".

Кіраўнік беларускай дыпламатыі ў адказах на пытанні журналістаў паведаміў, што "мінскі фармат" апраўдаў сябе. Калі б усе бакі прытрымліваліся абяцанняў, прынятых на перамовах у Мінску, то канфлікт на ўсходзе Украіны даўно быў бы спынены, заявіў Макей.

Карэспандэнт Еўрарадыё пацікавіўся ў міністра, што для Беларусі змянілі мінскія перамовы.

Макей: "Напэўна, гэта паўплывала на тое, як на Беларусь пачалі глядзець на Захадзе і тыя ці іншыя палітыкі ў Еўропе. Яны бачаць, што наша імкненне з'яўляецца шчырым, што мы не спрабуем атрымаць тут нейкія палітычныя дывідэнды. Мы сапраўды зацікаўленыя ў тым, каб ва Украіне як мага хутчэй усталяваўся мір".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі