Уладзімір Беражкоў: Помсціць дакладна не буду, у журналістыку не вярнуся

08/04/2016 - 08:26

Былы генеральны дырэктар хакейнага мінскага “Дынама” Уладзімір Беражкоў, якога вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе, распавёў пра свае далейшыя планы. Ён спадзяецца, што справа не дойдзе да суду і заяўляе, што не мае намеру вяртацца ў журналістыку. Аднак пры гэтым Беражкоў абвяргае паведамленні, што суду над ім не будзе.

“Мая справа ў стадыі вырашэння, трэба прайсці пэўны шлях і выканаць пэўныя ўмовы, каб справа магла вырашыцца па сутнасці і магла быць закрытай, каб суд сапраўды не адбыўся. Гэта — мэта, але да яе яшчэ трэба прыйсці. А што можа адбыцца заўтра — як паказвае сітуацыі, гэта непрадказальна”, — сказаў ён у інтэрв’ю БелаПАН.

Беражкоў амаль 20 гадоў быў галоўным рэдактарам спартовай газеты “Прэсбол”, але цяпер кажа, што не вернецца ў журналістыку, хоць і атрымаў прапанову ад былых калегаў. Аднак не выключае, што некалі напіша кнігу пра свой арышт.

У СІЗА ён лічыў найважнейшай задачай захаванне здароўя, у тым ліку інтэлектуальнага. Помсціць непрыяцелям ён не збіраецца. Беражкоў кажа, што людзям трэба болей дараваць.

“Я, шчыра кажучы, не ведаю яшчэ, як буду сустракацца і размаўляць з нерукапаціскальнымі людзьмі, але дакладна ведаю, што ім не буду помсціць, што не буду рабіць супраць іх ніякіх дзеянняў, якія, скажам так, кепска паўплывалі б на іх здароўе, дзелавую і іншую рэпутацыю”, — сказаў Уладзімір Беражкоў.

 У канцы ліпеня 2015 года быў затрыманы былы гендырэктар ХК “Дынама-Мінск” Максім Суботкін. Яму выставілі абвінавачанне на падставе ч. 3 арт. 424 КК (злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, што пацягнула цяжкія наступствы ў выглядзе нанясення шкоды ў асабліва буйным памеры).

14 жніўня 2015 года Следчы камітэт паведаміў пра затрыманне Уладзіміра Беражкова. 27 жніўня прадстаўнікі СК і МУС паведамілі журналістам, што Беражкову выстаўленае абвінавачанне ў завалоданні грашовымі сродкамі клуба на 1 мільярд 90 мільёнаў рублёў з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў (ч. 4 арт. 210 КК).

237 дзён за кратамі. Гісторыя арышту і вызвалення Уладзіміра Беражкова

1 лютага 2016 года ім былі выстаўленыя канчатковыя абвінавачванні. Дзеянні былога генеральнага дырэктара хакейнага клуба Максіма Суботкіна ў выніковай рэдакцыі абвінавачвання кваліфікаваныя паводле ч.3 арт. 424, ч.3 арт.426, ч.4 арт.210 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а былога генеральнага менеджара клуба Уладзіміра Беражкова паводле ч.3 арт.424, ч.4 арт.210. Матэрыяльная шкода на суму больш за 3 мільярды рублёў кампенсаваная практычна цалкам.

Па завяршэнні азнаямлення з матэрыяламі крымінальнай справы абвінавачванымі былі заяўленыя хадайніцтвы аб вызваленні іх ад крымінальнай адказнасці ў парадку, вызначаным арт. 88-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

6 красавіка Уладзімір Беражкоў быў адпушчаны на волю пад падпіску аб нявыездзе.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі