Улады Беларусі будуць дамагацца "дыялогу" ад Літвы "жорсткімі мерамі"

01/02/2022 - 11:06

Улады Беларусі будуць дамагацца "дыялогу" ад Літвы "жорсткімі мерамі". Беларускі прэм'ер Раман Галоўчанка ў аўторак заявіў, што "контрсанкцыі" закрануць чыгуначны транспарт, які ідзе з Літвы праз нашу краіну. Гэта "сіметрычны адказ" на спыненне літоўскім бокам з 1 лютага транзіту беларускіх калійных угнаенняў, якія дастаўляліся ў порт Клайпеды. Галоўчанка пацвердзіў, што "Літва перастала прымаць беларускія цягнікі, якія транспартавалі калій".

"Мы прапанавалі літоўскім калегам дыялог па гэтым пытанні, дзверы ніколі не зачынены, цытуе словы Рамана Галоўчанкі БЕЛТА. — Мы звярнуліся з прапановай у прававым полі правесці кансультацыі і вызначыць далейшыя нашы ўзаемаадносіны".

Калі адказу ў Вільні не будзе, у бліжэйшыя дні будуць задзейнічаны "контрсанкцыі".

"Больш за тое, мы спагонім усе штрафы, якія нам належаць за скасаванне гэтых кантрактаў з іх боку,працягвае прэм'ер-міністр Беларусі. — Адпаведная іскавая заява пададзена ў літоўскі суд. Спагонім з іх і страчаную выгаду".

Галоўчанка падкрэслівае, што "гэта вялікія сумы". Але суды — справа не хуткая і іх яшчэ трэба выйграць.

Напярэдадні прэм'ер атрымаў "даручэнне" ад Аляксандра Лукашэнкі (ён таксама згадваў "дыялог", праз які Мінск хацеў бы вырашыць праблему з Вільняй), у выпадку, калі Літва спыніць транзіт, "літаральна на працягу некалькіх дзён" даць ёй адказ — рэалізаваць нейкія "мерапрыемствы", якія былі ўзгоднены раней. Мусіць быць задзейнічаны нейкі план.

Тым часам расійскае выданне "Коммерсант" лічыць, што ўлады Беларусі чамусьці спадзяюцца на адмену ў бліжэйшы час Захадам "блакады беларускага экспарту". Бо інакш цяжка патлумачыць адсутнасць перамоваў аб альтэрнатыўных маршрутах у Расіі. Аднак Раман Галоўчанка заявіў, што транзіт пераарыентаваны на Расію. "Мы нічога не страцілі, нават выйгралі", — аптымістычна заявіў прэм'ер.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі