Уладальнік таксі “Алмаз” заплаціў больш за $700 тысяч і выйшаў з СІЗА

09/10/2017 - 15:02

На волю выйшаў уладальнік мінскага таксі “Алмаз” Віктар Пузікаў. Як паведаміла афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Беларусі Юлія Ганчарова, ён кампенсаваў усе страты па сваёй справе — больш за 1,4 млн рублёў (гэта больш за 700 тысяч долараў). Пузікаў цяпер знаходзіцца пад хатнім арыштам. Упраўленне Следчага камітэта па Мінску працягвае расследаванне крымінальнай справы. Як вядома, уладальніка таксі абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры.

Пра затрыманне бізнесмена 34-гадовага Віктара Пузікава стала вядома ў чэрвені 2017-га. Камітэт дзяржкантроля распавёў, што ў 2015-2017 гадах ён атрымліваў наяўныя грошы ад афіцыйных і нелегальных таксістаў, якім таксі аказвала дыспетчарскія паслугі. У бухгалтарскім уліку яны не адлюстроўваліся. Паведамлялася, што крымінальную справу распачалі ў адносінах чатырох чалавек, двое з якіх былі затрыманыя. Кантралёрамі быў накладзены арышт на разліковыя рахункі і грошы, на амаль сотню аўтамабіляў, на тры дзясяткі аб’ектаў нерухомасці (на агульную суму 2 млн долараў).

Следчы камітэт інфармуе, што абвінавачаны аказвае садзеянне следству, ён ужо шкадуе пра здзейсненае. Пасля кампенсацыі Пузікавым страт і было прынятае рашэнне аб яго вызваленні з СІЗА пад хатні арышт.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі