У яйках вядомай птушкафабрыкі выявілі антыбіётык, які нельга ўжываць чалавеку

07/08/2026 - 12:45

Яйкі, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Таксічны антыбіётык выявіла праверка Мінсельгасхарча ў яйках філіяла птушкафабрыкі "Дружба" ў Брэсцкай вобласці. Публічна пра гэта не паведамлялася. Выданне "Зеркало" даведалася пра гэта з унутраных дакументаў, якія атрымала з дапамогай арганізацыі былых сілавікоў BELPOL.

Выданне спасылаецца на ліст ад 5 траўня 2026 года ад Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча. У ім гаворыцца, што лабараторныя выпрабаванні прадукцыі "Дубраўскага бройлера" (філіяла птушкафабрыкі "Дружба") выявілі ў курыных яйках энрафлаксацын. Гэта антыбіётык, які ўжываецца толькі ў ветэрынарыі для лячэння сельскагаспадарчых, хатніх жывёл і птушак. Для лячэння людзей ён забаронены, бо характарызуецца нейратаксічнасцю, генатаксічнасцю, назапашваннем у храстковай тканцы, а таксама нізкай растваральнасцю і нізкай біядаступнасцю. У гатовай прадукцыі яго не павінна быць, калі на вытворчасці выконваюць тэрміны яго вывядзення. У курыных яйках, прызначаных у ежу, яго быць не павінна ўвогуле.

Ад прадпрыемства запатрабавалі неадкладна прыняць меры. Падазроныя партыі не пускаць у продаж, а пры неабходнасці — адклікаць. Брэсцкаму аблвыканкаму прапанавалі высветліць прычыны з'яўлення антыбіётыку ў харчовых яйках і вінаватых у гэтым. Ад чыноўнікаў запатрабавалі ліквідаваць прычыны, павысіць якасць лабараторнага кантролю, правесці дадатковае навучанне супрацоўнікаў і не дапускаць падобнага.

У лісце гаворыцца, што антыбіётык выявілі праз узмоцнены лабараторны кантроль, але не гаворыцца, чаму яго ўвялі. Магчыма, прычынай быў ліст расійскай Федэральнай службы фітасанітарнага і ветэрынарнага кантролю ад 7 красавіка 2026-га. У ім якраз згадваўся "Дубраўскі бройлер". Тады ў мясе куранят-бройлераў знайшлі дынітракарбанілід — яго выкарыстоўваюць для прафілактыкі паразітарных захворванняў кішэчніка ў бройлераў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі