У Турцыі патануў беларус, які выдаваў сябе за падпалкоўніка-путчыста

11/01/2024 - 09:15

Аляксей Шубара на акцыі пратэсту / svaboda.org

У Турцыі патануў беларус Аляксей Шубара, якога мясцовыя СМІ называюць падпадкоўнікам і ўдзельнікам перавароту,

"Аляксей Шубара (Aliaksei Shubara), які служыў падпалкоўнікам у сваёй краіне Беларусь, узяў удзел у няўдалай спробе перавароту, пасля чаго аказаўся ў вышуку і ўцёк у Англію. Ён патануў на ўзбярэжжы Тасмур у Аланіі, куды прыехаў у адпачынак", — пераказвае "Наша Ніва" паведамленне турэцкага выдання. Пры гэтым дадаюць, што ў мора беларус пайшоў голым і п'яным.

У беларускіх СМІ Аляксей Шубара згадваецца толькі адзін раз у канцы 2014 года. Тады ён выйшаў у цэнтр Мінска з плакатам, які асуджаў імперыялізм Пуціна. Шубара быў удзельнікам арганізацыі "Альтэрнатыва", якую заснаваў былы маладафронтавец Алег Корбан. За пікет яго затрымалі і асудзіла паводле адміністрацыйнага артыкула.

Корбан тады расказваў, што Шубара працуе ў будаўнічай фірме, арандуе кватэру на вуліцы Ангарскай, мае сям'ю, выхоўвае малалетняе дзіця.

"Наша Ніва" звярнулася да баз "Байпола" і высветліла, што хутчэй за ўсё ўдзельнік пікета і патанулы — адзін і той самы чалавек: супадаюць імя і ўзрост.

Што датычыць "падпалкоўніка", дык Шубара, верагодна, прыпісаў сабе біяграфію бацькі. Той выйшаў у 2001 годзе на пенсію ў званні падпалкоўніка міліцыі.

Журналісты мяркуюць, што Шубара выехаў з Беларусі пасля свайго першага і адзінага затрымання, бо ў беларускіх базах няма іншых запісаў пра яго. Гэта падобна да схемы па атрыманні палітычнага прытулку праз згадку ў СМІ і наяўнасць "палітычнага" артыкула.

Цела Шубары пахаваюць у Турцыі на могілках для бяздомных, калі цягам 15 сутак яго не забяруць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі