У Турцыі могуць пакінуць толькі адзін банк для ўгодаў з Беларуссю і Расіяй

19/09/2024 - 13:58

Турцыя, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Амаль усе турэцкія банкі імкнуцца спыніць абслугоўваць угоды, звязаныя з Беларуссю і Расіяй. Пра гэта піша расійскае інфармагенцтва ТАСС са спасылкай на крыніцу ў сферы турэцкага фінансавага кансалтынгу.

Турэцкія банкі асцерагаюцца, што ўгоды з Расіяй і Беларуссю могуць прывесці да патэнцыйных абмежаванняў і санкцый. Таму іх хацелі б пакінуць банку Emlak Katılım.

Ужо цяпер па ўгодах, звязаных з Расіяй і Беларуссю, многія турэцкія банкі могуць адразу вяртаць сродкі, якія прыходзяць у доларах і еўра. У такім выпадку раяць звяртацца ў Emlak Katılım для правядзення плацяжоў у нацвалютах.

Гаворка ідзе аб прыватных і дзяржаўных турэцкіх банках, дзе няма замежных партнёраў. А банкі з заходнім удзелам фактычна і так перасталі абслугоўваць аперацыі, звязаныя з Расіяй.

Таксама ўсе турэцкія банкі просяць у кампаній з Расіі і Беларусі ці ў кампаній, якія вядуць гандаль з імі, дакументальна пацвярджаць, што ўгоды адпавядаюць актуальным правілам. Так банкі стараюцца засцерагчыся самі і засцерагчы кампаніі ад рызык.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі