У СМІ трапіў адказ ЗША і НАТА на расійскія патрабаванні па гарантыях бяспекі

02/02/2022 - 09:16
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен і кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў / АР

Для Беларусі ёсць два важныя моманты ў адказе ЗША і НАТА на расійскія патрабаванні па гарантыях бяспекі, адзначае палітолаг Аляксандр Фрыдман.

Сакрэтны дакумент апублікавала іспанская газета El País. Сапраўднасць гэтага ліста пацвердзіла дыпламатычная крыніца агенцтва РІА "Новости". На патрабаванні Масквы вывесці войскі НАТА з Усходняй Еўропы і адмовіцца ад прыёму постсавецкіх краін у Альянс заходнія партнёры адказалі адмовай. Але пагадзіліся абмяркоўваць іншыя крокі. І вось гэтыя крокі апасродкавана тычацца Беларусі.  

Па-першае, "НАТА не збіраецца размяшчаць ядзерную зброю ва Усходняй Еўропе, а значыць, у Расіі адсутнічаюць сур'ёзныя аргументы на карысць аналагічнага кроку ў Беларусі", — адзначае Аляксандр Фрыдман. І, па-другое, Вашынгтон гатовы размаўляць з Масквой пра ўзаемную адмову ад разгортвання наступальных ракетных сістэм і ад пастаяннага ваеннага кантынгенту ва Украіне. Ад Масквы чакаюць вываду расійскіх войск і міратворцаў з Крыма, Прыднястроўя, Паўднёвай Асеціі, Абхазіі. 

"Такі дыялог можа прывесці да пэўнай дээскалацыі сітуацыі вакол Украіны, а таксама паспрыяць вываду расійскіх войск з Беларусі пасля завяршэння сумесных вучэнняў", — зазначыў палітолаг.

На яго думку, калі Масква пагадзіцца на такі дыялог, то "асноўным прайгралым можа зрабіцца менавіта рэжым Лукашэнкі, існаванне якога сёння цалкам залежыць ад Расіі".

Напярэдадні адказ ЗША і НАТА на расійскія патрабаванні каментаваў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Паводле яго слоў, амерыканскі бок праігнараваў прынцыповыя расейскія заклапочанасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі