У РБ праводзіцца праверка "сродкаў-носьбітаў нестратэгічнай ядзернай зброі"

07/05/2024 - 13:56

Тактычная ядзерная зброя ў Беларусі знаходзіцца пад кантролем РФ і яе вайскоўцаў / t.me/modmilby/

У Беларусі праводзіцца "раптоўная праверка сродкаў-носьбітаў нестратэгічнай ядзернай зброі". Дзяржсакратар Саўбеза Аляксандр Вальфовіч паведаміў, што яна "сінхранізаваная з Расіяй". Больш дакладна будзе сказаць — па камандзе з Масквы. Як вядома, тактычная ядзерная зброя ў Беларусі знаходзіцца пад кантролем РФ і яе вайскоўцаў.

Па словах Вальфовіча, падчас праверкі "адпрацуюць падачу ядзерных боепрыпасаў на сродкі дастаўкі". Падкрэсліваецца, што "праверка гатоўнасці арміі Беларусі да дзеянняў з ядзернымі боепрыпасамі носіць абарончы характар, не праецыруе пагроз на іншыя краіны". Насамрэч, відавочна, што яна адбываецца ў рамках пагроз, якія ў апошнія дні гучаць з Расіі на адрас Захаду.

Міністр абароны Віктар Хрэнін кажа, што ў гатоўнасць да выканання задач прыводзіцца дывізіён аператыўна-тактычнага комплексу "Іскандэр" і эскадрылля самалётаў Су-25. Было ажыццёўлена "перабазіраванне часткі сіл і сродкаў авіяцыі на запасны аэрадром". 

"Яна [праверка] заклікана забяспечыць гатоўнасць беларускіх воінскіх часцей да працы са спецыяльнымі боепрыпасамі, а таксама адладзіць механізмы кіравання войскамі і ўзаемадзеяння саюзных органаў кіравання, — пазней заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Па завяршэнні сумеснай трэніроўкі нашы войскі працягнуць мерапрыемствы па адэкватным рэагаванні на змяненне становішча".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі